У Менску затрыманыя ўкраінскія студэнты
77- 24.11.2012, 18:06
Прычыны не тлумачацца, сваякам інфармацыі не даюць.
15 лістапада 2012 у Менску 18-гадовы грамадзянін Украіны і два ягоныя таварышы, якія прыехалі ў сталіцу Беларусі з турыстычнымі мэтамі, былі арыштаваныя на дзесяць дзён.
Як паведаміла БелаПАН сястра аднаго з затрыманых, хлопцы збіраліся вярнуцца ў нядзелю, і калі ў аўторак ад іх не паступіла ніякіх вестак, а тэлефоны былі вымкнутыя, сваякі забілі трывогу.
Праз знаёмых, міліцыю і пасольства удалося высветліць, што іх забралі ў міліцыю на 10 дзён, за што - не вядома.
22 лістапада бацькі аднаго з украінцаў прыехалі ў Беларусь, каб перадаць перадачу. Арыштаваных ім убачыць не ўдалося, ежу не прынялі, толькі рэчы, але і гэта добра. Удалося пагутарыць з чалавекам, якога ў гэты дзень выпускалі (і «у яго, між іншым, разбітая галава» - уразіліся украінцы), ён сядзеў у камеры з адным з хлопцаў.
Стала вядома, што затрымалі хлопцаў уначы ў пятніцу ў парку, калі яны гулялі, таму што «міліцыі трэба было для справаздачнасці». Кажуць, што хлопцы выпівалі (яны зусім не п'юць, брат вызнае «sxe» - філасофію здаровага ладу жыцця, заяўляе сястра затрыманага), але экспертызу не праводзілі.
Іх прымусілі падпісаць дакумент аб невыдаванні на 10 дзён, то бок, калі б сваякі іх не знайшлі, то да гэтага часу не ведалі б - ці жывыя яны, міліцыя з бацькамі не звязвалася і нікуды не паведамляла, што ў іх знаходзяцца грамадзяне Украіны, піша сястра затрыманага.
Да хлопцам, мяркуючы з інфармацыі сваякоў, нікога не пускаюць, іх пасадзілі ў розныя камеры з крымінальнікамі і водзяць на допыты, запалохваюць згвалтаваннямі з боку вязняў і прымушаюць падпісваць нейкія паперы (аб ужыванні гвалту пакуль дакладна не вядома).
Арыштаваных вызваляць у панядзелак 26 лістапада ўвечары, але бацькам сустрэць маладых людзей не дадуць, а «хочуць пад канвоем пасадзіць на цягнік у Кіеў». Прычына такой пастановы не вядомая.
Усе яны - выдатнікі, студэнты вельмі прэстыжнай навучальнай установы Украіны.