19 красавiка 2024, Пятніца, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Рымашэўскі: Рэжым становіцца таталітарным

24
Віталь Рымашэўскі: Рэжым становіцца таталітарным

Улады ліквідуюць права грамадзян на свабоду сумлення, забіраючы будынак у царквы «Новае жыццё», мяркуе палітык.

«У Беларусі наступае новы этап «эвалюцыі» рэжыму ці дэградацыі прававой сістэмы. Царква «Новае жыццё» адстаяла сваё права на існаванне, і апошнія чатыры гады ўлады яе не чапалі. І тое, што без якіх-небудзь бачных прычын зараз аднаўляецца абсалютна незаконная спроба адабраць у людзей будынак, які яны самі купілі і адрэстаўравалі, сведчыць аб тым, што беларускі рэжым дэградуе да таталітарнага, калі цалкам знішчаецца права на свабоду думкі» - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі.

Паводле слоў палітыка, ціскам на царкву ўлады ліквідуюць права людзей на свабоду сумлення:

«Гэтая царква апошнія пяць гадоў з моманту супрацьстаяння за свой будынак не выяўляла палітычнай актыўнасці. І абвінавачваць іх у палітычнай дзейнасці не выпадае. Ціск на «Новае жыццё» - праява грубага парушэння правоў чалавека ў краіне і ліквідацыі права на свабоду сумлення».

Віталь Рымашэўскі заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян і арганізацыі далучыцца да кампаніі салідарнасці з царквой:

«Лёс царквы цяпер залежыць ад рэакцыі нашага грамадства і салідарнасці вернікаў у Беларусі. Гэта не першая спроба нічым неабгрунтаванага гвалтоўнага захопу іхнага будынка з боку ўладаў. Раней з дапамогай міжнароднай грамадскасці і салідарнасці ўнутры Беларусі вернікам удалося адстаяць гэты будынак. Таму я зараз заклікаю ўсіх зноў далучыцца да кампаніі салідарнасці з царквой «Новае жыццё». Калі і БХД, і дэмакратычныя СМІ, і іншыя дэмакратычныя арганізацыі падтрымаць царкву, тады ёсць надзея, што і гэтым разам мы здолеем адбараніць гэты будынак».

Нагадаем, у мінскай пратэстанцкай суполкі «Новае жыццё» ў чарговы раз забіраюць будынак. Вышэйшы гаспадарчы суд плануе правесці прымусовае высяленне 5 снежня аб 11 гадзіне. Падставай для высялення стала тое, што зямля нібыта выкарыстоўваецца нямэтава. Кіраўніцтва царквы пакідаць будынак не збіраецца.

Царква «Новае жыццё» змагаецца за ўласнае памяшканне з 2005 года. Тады ўлады Беларусі заявілі, што царква не можа выкарыстоўваць зямельны надзел для культавых мэтаў. Вернікі прайшлі больш за 30 судовых працэсаў, і ў 2009 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд вынес канчатковую пастанову: царква павінная вызваліць будынак. Да гэтага часу «Новаму жыццю» ўдавалася адстойваць памяшканне дзякуючы пасту-галадоўцы і шырокаму рэзанансу справы сярод беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках