28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перадкалядныя цуды

25

Напярэдадні адкрыцця ў сераду каляднага сезону ў ЗША з усталёўкі ў цэнтры Нью-Йорка галоўнай елкі краіны пачалі адбывацца традыцыйныя цуды, звязаныя з гэтым святам.

Размешчаная ў аўторак на старонцы паліцыі Нью-Йорка ў Facebook фатаграфія, на якой 25-гадовы афіцэр Лоўрэнс Дэпрымо адорвае пажылога бамжа чаравікамі і шкарпэткамі, кранальна апусціўшыся перад ім на адно калена, стала сапраўдным хітом. Усяго за тры дні здымак зарабіў амаль 500 тыс. «лайкаў» інтэрнэт-карыстальнікаў, піша NEWSru.com.

Як апісваецца ў блогу The Lookout на Yahoo, 14 лістапада паліцэйскі, патрулюючы Таймс-сквер, убачыў сівога бамжа з голымі ссінелымі ад холаду нагамі, які сядзеў на асфальце. Дэпрымо адразу ж адправіўся ў размешчаную па суседстве краму і неўзабаве вярнуўся да валацугі з чаравікамі за 100 даляраў.

- Было холадна, і я ўбачыў пухіры на яго нагах, - патлумачыў журналістам афіцэр, які адслужыў у паліцыі тры гады.

Выпадковым сведкам шчодрага жэсту стала дырэктар па сувязях з грамадскасцю акруговага офіса шэрыфа ў штаце Арызона Джэніфер Фостэр, якая прыехала па справах у Нью-Йорк. Яна сфатаграфавала ўкленчанага паліцэйскага і паслала здымак па электроннай пошце ў паліцыю Нью-Йорка, суправадзіўшы яго пахвалой у адрас Дэпрымо.

Выкладзеная на старонку ў Facebook фатаграфія выклікала сотні радасных каментарыяў расчуленых блогераў. Але не абыйшлося і без сумненняў - некаторыя выказалі здагадку, што гэта пастановачны кадр. Адзін са скептыкаў прапанаваў звярнуць увагу на тое, што бомж прадбачліва размясціўся побач з абутковай крамай. Джэніфер Фостэр запэўнівае, што Дэпрымо паняцця не меў, што яна яго здымала, і відавочна не чакаў ні ад каго ніякіх падзяк.

Калядная елка. Нью-Йорк 2012 год

«Сакрэтны Санта» праехаў з падарункамі па Усходнім узбярэжжы

Такім жа калядным цудам, як ўчынак паліцэйскага, здалася многім акцыя багатага бізнэсмэна з Канзас-Сіці, які не захацеў называць сваё імя. Пад выглядам «сакрэтнага Санты» ён раздаў сто тысяч даляраў пацярпелым ад урагану «Сэндзі» жыхарам Усходняга ўзбярэжжа - штатаў Місуры, Нью-Джэрсі і Нью-Йорк. Ананімны дабрачынец у суправаджэнні памочнікаў у касцюмах эльфаў пад аховай паліцыі і ФБР раздаваў купюры па сто даляраў.

- Я проста падаю прыклад, і калі 10 адсоткаў людзей будуць рабіць як я, любы чалавек можа стаць «сакрэтным Сантам», - заявіў прадпрымальнік, на якім падчас акцыі былі надзетыя джынсы, а таксама кофта і бярэт чырвонага колеру.

Кранутыя яго шчодрасцю людзі, атрымліваючы грошы, кідаліся яго дзякаваць і абдымаць, паведамляе Fox News. Ён стараўся не проста раздаваць грошы на вуліцы, каб не збіраць натоўп, а выбіраць жыхароў разбураных дамоў і бедна апранутых суайчыннікаў.

Нагадаем, раней пад імем «сакрэтны Санта» выступаў багаты бізнэсмэн Лары Сцюарт. З 1979 года ён кожны снежань раздаваў грошы мінакам у Канзасе, не называючы свайго імя. Толькі за год да свайго скону ў 2007 годзе ва ўзросце 59 гадоў мужчына раскрыў сваё інкогніта. Тады ён прызнаўся, што раздаў незнаёмым людзям больш за 1,3 млн даляраў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках