Самаробка «прэзідэнцкага ўзроўню»
162- 7.11.2012, 22:04
Кіраўніцтва «наргаса» прапанавала студэнтам змайстраваць падарунак для Лукашэнкі.
Зварот да студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта змясцілі на старонцы факультэта «Вышэйшая школа турызму» ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Паведамляецца, што 12 лістапада ў БГЭУ прыедзе Аляксандр Лукашэнка і «з гэтай нагоды, вядома ж, уся нашая ўлюбёная ўстанова адукацыі цяпер мітусіцца і хвалюецца».
«Як жа сустракаць Аляксандра Рыгоравіча без падарункаў?»,- задаюць рытарычнае пытанне рэктарат і аўтары звароту.
«Усе факультэты атрымалі распараджэнне падрыхтаваць які-небудзь памятны падарунак: на ўзроўні выкладчыкаў і дэканатаў была прынятая пастанова зрабіць падарунак прэзідэнту, змайстраваны сваімі рукамі»,- тлумачыцца ў паведамленні.
«З гэтай нагоды мы інфармуем вас, людзей, якія ўмеюць вышываць, вязаць, плесці, склейваць, габляваць, у вас ёсць унікальная магчымасць да пятніцы прынесці ў дэканат свой твор, і калі вашая праца будзе ацэнена належным чынам і ўзровень будзе адпавядаць прэзідэнцкаму, то менавіта ваш твор будзе падораны прэзідэнту ад усяго ўніверсітэта»,- гаворыцца ў паведамленні.
На ўсялякі выпадак для астатніх дададзеная прыпіска: «усякія няўхвальныя каментары ў бок прэзідэнта і г.д. будзем забараняць, давайце ўсё трымаць у сабе».