«Саюзныя» спісы неўяздных у дзеянні?
9- 11.12.2012, 1:52
Неўязнога ў Беларусь украінскага журналіста не ўпусцілі ў Расею.
Вядомы ўкраінскі журналіст Алег Хаменок паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, што яму прыйшоў адказ з Расеі, у якім гаворыцца аб забароне наведваць тэрыторыю РФ у бліжэйшыя 5 гадоў.
Як паказана ў афіцыйным дакуменце, забарона накладзеная на падставе ч. 1 арт. 27 ФЗ-114 «Аб парадку ўезду і выезду ў РФ» з 25 верасня 2012 года тэрмінам на 5 гадоў.
Згодна з названай нормай, «уезд у Расейскую Федэрацыю замежнаму грамадзяніну або асобе без грамадзянства не дазваляецца ў выпадку, калі гэта неабходна ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці або бяспекі дзяржавы, альбо грамадскага парадку, альбо аховы здароўя насельніцтва».
Нагадаем, украінскага журналіста Алега Хаменка не пусцілі на тэрыторыю Расеі ў канцы кастрычніка, калі ён накіроўваўся ў Калінінград, каб правесці навучальныя семінары.
Як паведаміў «Фонтанке» сам журналіст, у Калінінградзе памежнікі паведамілі яму, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Расеі ўезд у краіну яму забаронены. Каментаваць прычыну забароны ніхто не стаў. Хаменок быў вымушаны вярнуцца ў Кіеў.
Журналіст звязвае дадзены інцыдэнт з сакавіцкай забаронай на ўезд у Беларусь. Нягледзячы на тое, што за апошнія месяцы ён ужо тройчы наведваў Расею, у кастрычніку яму без тлумачэння прычын адмовілі ў праве на ўезд у краіну. Ён не выключае, што нейкія дакументы са спецслужбаў Беларусі маглі дайсці да расейскіх калегаў толькі цяпер, у сувязі з чым ўезд у краіну быў забаронены.
Як падкрэсліў тады Хаменок, у бліжэйшы час ён звернецца ў консульства і папросіць растлумачыць прычыну, па якой яму адмовілі ва ўездзе ў Расею.