19 красавiка 2024, Пятніца, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тозік хоча абавязковага дэкларавання для ўсіх

212
Тозік хоча абавязковага дэкларавання для ўсіх

Віцэ-прэм'ер заклапаціўся даходамі грамадзян.

Праблему «ўтрыманцаў» і грамадзян, якія маюць нядрэнныя прыбыткі, дамы і аўтамабілі, але не плацяць падаткаў і ўнёскаў у пенсійны фонд, абмяркоўвалі за круглым сталом у газеце «Советская Белоруссия».

«У нас каля 400 тыс. чалавек тых, хто не працуе ці фактычна працуе, сыходзячы ад падаткаў і тым самым таксама паразітуючы на сацыяльнай палітыцы дзяржавы, - заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. - Бо за кошт падаткаў аплачваецца праца нашых лекараў і настаўнікаў, пенсіі і бальнічныя... А значыць, на тых, хто працуе ў рэальным сектары эканомікі добрасумленна, кладзецца падвойная нагрузка... Вось скажыце: калі тую працу, якую могуць зрабіць двое, робяць чацвёра - гэта не ўтрыманства? У нас 25 тыс. дзяцей-сірот, і 82% з іх маюць бацькоў, так хіба гэтыя бацькі не сацыяльныя паразіты? Ці калі старых даглядаюць у дамах-інтэрнатах пры жывых, нярэдка вельмі заможных дзецях - гэта нармальна? Яшчэ ў нас каля 4 тыс. так званых бамжоў. У мінулую марозную зіму мы іх збіралі, давалі прытулак, вопратку, кармілі. А яны ў адказ усіх толькі абражалі... Такіх прыкладаў - вялікае мноства».

На думку Тозіка, у Беларусі з пункту гледжання здаровага сэнсу адсутнічае такая з'ява, як беспрацоўе.

«Вакансій дастаткова. Калі не ў сваім горадзе, так у іншым, калі не там, так у аграгарадку. Вельмі ўмоўна мы кажам, што ў нас беспрацоўе 0,6%. Але мы зараз больш абмяркоўваем тых, хто не хоча працаваць і паразітуе на грамадстве. А ёсць і іншая катэгорыя, якая таксама паразітуе, хоць лічыцца, што працуе, у іх працоўныя кніжкі дзесьці ляжаць. І вось гэтыя людзі часта жывуць значна лепш, чым якія працуюць. Яны не плацяць ніякіх падаткаў, не робяць ніякіх адлічэнняў у пенсійны фонд. Гэта значыць ніяк не ўдзельнічаюць у фарміраванні бюджэту краіны, з якога аплачваюцца ўсе сацыяльныя выдаткі і льготы. Якімі, між іншым, яны карыстаюцца нароўні з усімі працуючымі і тымі, хто плаціць падаткі. Вось яшчэ адна праблема, якую трэба вырашыць, - сказаў віцэ-прэм'ер. - У гэтым дачыненні мне падабаецца прапанова Мінпрацы. Яны прапануюць увесці абавязковае дэклараванне для ўсіх грамадзян. А не толькі чыноўнікаў. Прайшоў год - скажы, за кошт чаго ты пражыў яго, якія даходы і якія расходы меў. У цябе ёсць і дом, і машына... І тады, я думаю, гэта вельмі многіх прымусіць выйсці з ценю. Спецыялісты кажуць, што ў нас занадта вялікі адсотак ценявога ВУП. І дадзеныя афіцыйнай статыстыкі зусім не супадаюць з тымі рэаліямі, якія мы бачым на свае вочы. Колькі ў нас аўтамабіляў на душу насельніцтва? Чаму ў менскія рэстараны не патрапіць?»

Напісаць каментар 212

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках