29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскія зоркі патрабуюць ад Кэмерана звярнуць увагу на Беларусь

17
Брытанскія зоркі патрабуюць ад Кэмерана звярнуць увагу на Беларусь

Вядомыя брытанскія акцёры запісалі відэазварот да прэм'ер-міністра краіны Дэвіда Кэмерана.

У ім Джаана Ламлі, Сэм Уэст, Ральф Файнс, Алан Рыкман, Марк Райланс, Цім Райс, Аджоа Андо і Сайман Кэлоў падкрэсліваюць цяжкае становішча палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца самадзяржаўным рэжымам беларускага дыктатара <>bАляксандра Лукашэнкі, піша брытанская газета Guardian (пераклад - charter97.org) .

Гэтая ініцыятыва была арганізаваная Беларускім Свабодным тэатрам у рамках кампаніі Free Belarus Now. Яна прымеркаваная да другой гадавіны сфальсіфікаваных выбараў 2010 года, якія скончыліся захаваннем улады Лукашэнкі і арыштам тысячы мірных дэманстрантаў.

«Улады не хочуць прызнаваць тое, што ёсць нейкія палітычныя зняволеныя, - кажа Наталля Каляда, сузаснавальнік тэатра. - Яны выкарыстоўвалі розныя падставы для арыштаў, напрыклад абвінавачванні ў хуліганстве. Сёння ў турмах Беларусі ёсць яшчэ 14 палітвязняў. Яны і іх сем'і застаюцца заложнікамі апошняй дыктатуры Еўропы».

Тэатральная трупа, акрамя артыстычнай працы, займаецца распаўсюджваннем інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі. «Гэта вельмі смелая каманда», - сказаў іх даўні прыхільнік Том Стопард.

Ральф Файнс падкрэслівае выпадкі Зміцера Дашкевіча і Паўла Севярынца, якія былі затрыманыя ў 2010 годзе і прызнаныя Amnesty International вязнямі сумлення.

«Сёння я звяртаюся да Дэвіда Кэмерана, прэм'ер-міністра маёй краіны для таго, каб выкарыстоўваць сілу маралі ў палітыцы, разбурыць сон сумлення і запатрабаваць ад апошняга дыктатара Еўропы Аляксандра Лукашэнкі пакласці канец катаванням свайго народа і вызваліць палітычных зняволеных да новага года», - сказаў ён.

Нягледзячы на перашкоды, Беларускі Свабодны тэатр працягвае працаваць, падвяргаючыся вялікай небяспецы і працуючы падпольна ў Беларусі. Наталля Каляда і яе муж Мікалай Халезін узначальваюць яго, знаходзячыся ў выгнанні. Зараз яны жывуць у Велікабрытаніі. У траўні тэатр паставіў «Караля Ліра» на беларускай мове ў шэкспіраўскім тэатры «Глобус». У наступным годзе яны пакажуць сваю новую пастаноўку «Трэш-кухня» у тэатры «Young Vic».

Том Стопард сказаў, што сітуацыя ў Беларусі змрочная, і Еўразвяз павінен рабіць больш. «Дэмакратыі павінны спрабаваць рабіць дэмакратыю заразнай, - кажа ён, дадаючы, што захоплены тэатрам. - Яны спрабуюць нагадаць свету, што праблема Беларусі не знікла, а пагоршылася».

«Тое, што было верным у часы камунізму, верна і ў выпадку з беларускай дыктатурай. Менавіта гэтая публічнасць з'яўляецца, безумоўна, стрымліваючым фактарам для тых людзей, якія хацелі б мець развязанымі свае рукі ў барацьбе з іншадумствам. Той факт, што гэта становіцца навінамі зноў і зноў - надзвычай важны».

Ініцыятыва аб захаванні гісторый людзей, якія падвяргаюцца пераследам, дае маральную падтрымку, лічыць ён: «Гаворка ідзе пра тое, каб даць людзям магчымасць ведаць, што яны не аддадзеныя забыццю».

Роўна год таму быў апублікаваны маніфест артыстаў з заклікам да свабоды слова ў Беларусі. Яго падпісалі Tом Стопард, Ай Вэйвэй і Вацлаў Гавел.

Ірына Багданава, лідэр кампаніі Free Belarus Now, распавяла аб новай ініцыятыве:

«Я лічу, што часам тое, што не могуць зрабіць палітыкі, могуць зрабіць людзі, якіх гэта сапраўды турбуе. Я магу спадзявацца, што голас мастацкай эліты Велікабрытаніі дасць моцны сігнал ураду і падштурхне палітыкаў да дзеянняў.

Пасланні, якія зыходзяць з іх сэрцаў не могуць застацца незаўважаным. Я хачу, каб цуд адбыўся і для палітычных зняволеных, каб яны разам са сваімі блізкімі святкавалі Новы год».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках