Генадзь Фядыніч: Рабочых выпрабоўваюць на трываласць
17- 26.12.2012, 13:19
Не было ніякай неабходнасці гнаць работнікаў на заводы ў святочныя дні, упэўнены прафсаюзны лідэр.
«Калі на прадпрыемстве няма ніякага аўралу або аварыі, то якая праца можа быць у святочныя дні? Калі здарыўся аўрал, ёсць спецыяльныя службы, якія будуць выходзіць і працаваць, гэта іх службовыя абавязкі», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.
Па словах эксперта, улады правяраюць, колькі яшчэ рабочыя змогуць вытрымаць:
«Але ў дадзенай сітуацыі яны пасля дзевятага дэкрэта («аб прыгонным праве»- заўв.) адзін перад адным спрабуюць яшчэ раз праверыць людзей на трываласць, колькі яны будуць трываць усё гэта».
Рабочым так і не абгрунтавалі, чаму яны павінны ісці на завод у святы, адзначыў прафсаюзны лідэр:
«Навошта спатрэбілася людзей вывесці? А калі яны каталікі? Я разумею, што калі на заводзе вельмі неардынарная сітуацыя, тады зразумела, усе будуць выходзіць. Але я не думаю, што там здарылася нешта падобнае. Як можна чалавеку ў святочны дзень казаць, што гэты дзень працоўны? Гэта трэба абгрунтаваць. А я гэтага абгрунтавання так і не бачыў».
Нагадаем, некалькі дзён таму адміністрацыя Першамайскага раёна Віцебска разаслала кіраўнікам прадпрыемстваў факсаграмму, у якой даецца ўказанне арганізаваць працу ў святочныя дні 24-25 снежня.
Прычынай працы ў святочныя дні называецца «адставанне вытворчасці прадукцыі прамысловасці» і неабходнасць падвысіць заробак да ўзроўню, вызначанага Лукашэнкам.