19 сакавiка 2024, aўторак, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВВС: Менск уцягваецца ў новую дыпламатычную вайну

44
ВВС: Менск уцягваецца ў новую дыпламатычную вайну

Адкліканне нямецкіх вайсковых дыпламатаў - прэлюдыя новага канфлікту.

Нямецкая прэса паведаміла аб адклiканнi з Менска штаба вайсковага аташэ пасольства ФРГ. Беларускі МЗС назваў такую пастанову надуманай і абсурднай, нагадвае ВВС.

Пастанова аб адклiканнi з Менска штаба вайсковага аташэ была прынятая міністрам абароны Германіі Томасам дэ Мэзьерам пасля нарады ў МЗС.

Паводле звестак інфармацыйнага агенцтва dpa, улады Нямеччыны палічылі немагчымым далейшае вайсковае супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам у сувязі са шматлікімі выпадкамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

«Надуманы крок»

Нямецкая старана паведамляе, што ўсе супрацоўнікі апарата вайсковага аташэ былі адкліканыя з беларускай сталіцы ў нядзелю, 2 снежня.

У пасольстве ФРГ у Менску пацвярджаюць факт прыняцця Федэральным урадам пастановы аб адкліканні вайсковага аташэ і паведамляюць, што пытанні арганізацыйнага характару і канкрэтнай даты ад'езду дыпламатаў у Нямеччыну знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення.

Між тым, беларускі МЗС заявіў, што прычыны скарачэння штата нямецкай дыпмісіі ў Менску надуманыя.

«Нямецкая старана мае права вызначаць структуру і крункі працы сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў. Аднак з агучанай фармулёўкі зразумела, што гэта надуманы крок, які супярэчыць агульнаеўрапейскіх намаганням умацавання бяспекі», - гаворыцца ў распаўсюджаным беларускай замежнапалітычнай установай каментары начальніка ўправы інфармацыі, прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных.

Са слоў Савіных, пастанова аб адклiканнi дыпламатаў «звязаная з абвастрэннем палітычнай барацьбы паміж партыйнымі структурамі ўнутры Германіі».

"Захапляючыся партыйнымі манеўрамі, нямецкія палітычныя дзеячы трацяць здаровы сэнс і прымаюць абсурдныя пастановы. У гэтым кантэксце міністра абароны [Нямеччыны] можна толькі пашкадаваць, бо, як вядома, у абсурду межаў няма», - заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Прэлюдыя дыпканфлікту?

Створаны ў Менску ў 1993 годзе штаб вайсковага аташэ пасольства Германіі, паводле паведамлення афіцыйнага сайта пасольства ФРГ у Менску, быў прызначаны назіраць і аналізаваць працэсы развіцця і рэфармавання беларускай арміі, узаемадзеянне беларускіх вайскоўцаў з узброенымі сіламі іншых дзяржаў, у тым ліку ў рамках міжнародных структур бяспекі - такіх як СНД, NATO, АБСЕ і ААН. Сайт амбасады падкрэслівае, што інфармацыю вайсковыя дыпламаты чэрпалі толькі з публічных крыніц і непасрэдных кантактаў з Міністэрствам абароны Беларусі.

Адным з кірункаў дзейнасці пазначаная каардынацыя вайсковага супрацоўніцтва паміж бундэсверам і беларускімі Узброенымі сіламі.

Аднак у верасні гэтага года ўрад ФРГ канстатаваў, што сітуацыя з пераследам іншадумцаў у Беларусі не выпраўляецца, і абмежавала вайсковае супрацоўніцтва. У адказ Менск спыніў супрацоўніцтва з бундэсверам.

Вайсковая і паліцэйская ўстановы ў Нямеччыне падпалі пад крытыку пасля таго, як у жніўні нямецкая газета Bild паведаміла, што Германія дапамагала беларускай дыктатуры ў навучанні і забеспячэнні міліцыі, якая жорстка разганяе беларускіх дэманстрантаў і пераследуе актывістаў апазіцыі.

Паводле апублікаваных Bild звестак, у 2009 - 2010 гадах на кампутарную і відэатэхніку для беларускіх міліцыянтаў нямецкімі ўстановамі было выдаткавана 41.200 еўра; перададзена сотня камплектаў рыштунку для разгону дэманстрантаў - бронекамізэлькі, шаломы, дубінкі.

Апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што штаб вайсковага аташэ ў Мінску не прымаў пастановы аб супрацоўніцтве з беларускімі сілавікамі. «Падобныя пастановы прымаюцца на больш высокім узроўні», - заўважае ён.

Аднак палітолаг Валер Карбалевіч не выключае, што нямецкія вайсковыя дыпламаты «прынесеныя ў ахвяру» для мінімізацыі гучнага скандалу, звязанага з супрацоўніцтвам сілавых міністэрстваў Берліна і Менска.

«Але гэта і знак напружанай атмасферы ў дачыненнях Беларусі з Еўразвязам, з Нямеччынай. Пазначаная нямецкай стараной прычына адклікання дыпламатаў - па-ранейшаму крытычная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі - сведчыць, што аб'яднаная Еўропа не мае намеру адыходзіць ад выстаўленых Менску патрабаванняў дэмакратызацыі і выканання цывілізаваных стандартаў», - кажа Карбалевіч.

Аналітыкі ў Менску не выключаюць, што адкліканне нямецкіх вайсковых дыпламатаў - гэта прэлюдыя больш шырокага дыпламатычнага канфлікту.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках