1 траўня 2024, Серада, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БРСМ прарваўся ў Страсбург

60
БРСМ прарваўся ў Страсбург

Афіцыйны Менск пачаў прабірацца ў Еўропу самымі рознымі спосабамі.

Кіраўнік галоўнай праўладнай моладзевай арганізацыі - БРСМ - Ігар Бузоўскі, які не ўключаны ў «чорныя спісы» Еўразвяза, прыняў удзел у семінары маладых парламентарыяў і моладзевых лідэраў, які праводзіцца пад эгідай Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Раней прадстаўнікі БРСМ удзелу ў такіх мерапрыемствах не прымалі, паведамляе «Народная воля».

«У мяне атрымалася таксама асабіста паразмаўляць з новым кіраўніком Рады Еўропы Жан-Клодам Міньёнам. Задаў яму пытанне, як пасля ягонага абрання павінныя развівацца адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам. Новы лідар выказаўся за тое, каб нашыя адносіны прынялі форму дыялогу», - далажыў Бузоўскі у інтэрв'ю газеце «Беларуская ніва».

Кіраўнік БРСМ, праўда, выпусціў адну важную акалічнасць. Сапраўды, новы кіраўнік ПАРЕ выступае за дыялог з Беларуссю. Але паказвае, што афіцыйны Менск пад дыялогам разумее аднабаковыя саступкі з боку Еўропы. І для Еўропы гэта непрымальна.

«Нас не чуюць, таму трэба праяўляць цвёрдасць. Існуючы ў Беларусі рэжым праяўляе цвёрдасць са свайго боку і зусім не жадае ўлічваць тое, што яму кажуць. Шкада, што мы выйшлі на такі этап... Я ў якасці французскага дэпутата сустракаўся чатыры разы з беларускім амбасадарам у Парыжы для таго, каб абмеркаваць па сутнасці наяўныя пытанні. Калі іх з ім абмяркоўваеш, узнікае адчуванне, што ўсё ў парадку, усё наладзіцца, а потым адбываецца наўпрост супрацьлеглае таму, што нам казалі. Усё гэта значыць, што ў нейкі момант трэба сказаць: стоп, хопіць, - заявіў Жан-Клод Міньён падчас слуханняў беларускага пытання ў ПАСРЕ.

Аднак прадстаўнікі афіцыйнага Менску спрабуюць гнуць сваю лінію, нічога не мяняюць па сутнасці, і хоць тушкай, хоць пудзілам спрабуюць легалізавацца ў міжнародных структурах. Так, Ігар Бузоўскі ў Страсбургу агучыў ідэю стварэння моладзевых парламенцкіх груп пры СНД, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, а таксама пры нацыянальных парламентах, а таксама прапанаваў абмеркаваць тэму стварэння адзінага кансалідацыйнага цэнтра, то бок, моладзевага еўразійскага руху, які сваёй дзейнасцю ахапіў бы не толькі СНД , але і еўрапейскія, азіяцкія краіны. Кіраўнік БРСМ спяшаецца заслупаваць месца ў ПАРЕ для маладых беларускіх дэпутатаў, якія будуць абраныя ў Палату прадстаўнікоў на будучых выбарах. Ён быццам бы не ў курсе, што цывілізаваны свет не прызнае вынікі беларускіх выбараў і не лічыць беларускіх дэпутатаў на самой справе абранымі, легітымнымі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках