1 траўня 2024, Серада, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Місія ЗША пры АБСЕ: Улады Беларусі так і не расследавалі разгон акцыі 19 снежня

12
Місія ЗША пры АБСЕ: Улады Беларусі так і не расследавалі разгон акцыі 19 снежня

Амбасадар ЗША ў АБСЕ Іэн Кэлі выступіў 9 лютага на паседжанні Сталага савета ў Вене.

Прыводзім поўны тэкст заявы:

Злучаныя Штаты па-ранейшаму адчуваюць глыбокую заклапочанасць з нагоды сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. Услед за ЕЗ нам хацелася б прыцягнуць увагу Сталага савета да Канчатковай адзнакі падзеяў 19 снежня 2010 года ў Менску (Беларусь) з пункту гледжання правоў чалавека. Гэтую адзнаку зрабіў Ніл Джарман, спецыяльны дакладчык, прызначаны Камітэтам міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі. Яму дапамагала група экспертаў па пытаннях свабоды сходаў і мераў у адказ паліцыі з краін АБСЕ.

Ніжэй прыводзіцца кароткі агляд высноваў, да якіх прыйшоў спецыяльны дакладчык: у Канчатковай адзнацы паказваецца, што беларускія ўлады не прадставілі інфармацыі аб паліцэйскай аперацыі па разгоне мірнай дэманстрацыі пратэсту 19 снежня 2010 года, а таксама не правялі ніякага расследавання вылучаных супраць паліцыі абвінавачванняў у непрапарцыйным прымяненні сілы супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Акрамя гэтага, урад Беларусі не прадставіў ніякай інфармацыі аб прымяненні гвалту ў дачыненні да Уладзіміра Някляева, аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, да пачатку асноўнай дэманстрацыі.

У дакладзе сцвярджаецца, што з улікам узроўню прымянення сілы супраць людзей, якія праводзілі мірную дэманстрацыю на плошчы Незалежнасці, было цалкам слушна чакаць, што ўлады зоймуцца расследаваннем абвінавачванняў у дачыненні да дзеянняў паліцыі.

У аналізе судовых працэсаў і крымінальных справаў падкрэсліваецца заклапочанасць з нагоды шэрагу парушэнняў правоў чалавека і нежадання ўрада Беларусі выконваць свае абавязальніцтвы ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Падобным жа чынам улады адмаўляюцца расследаваць цэлы шэраг скаргаў на дрэннае абыходжанне з затрыманымі і прымяненне да іх фізічнага гвалту.

Урад Беларусі апраўдвае дзеянні сваёй паліцыі 19 снежня 2010 года як неабходную рэакцыю на напад на Дом урада з ужываннем гвалту, але ні адзін з дэманстрантаў, асуджаных па слядах гэтых падзей, не быў абвінавачаны ў якіх-небудзь гвалтоўных актах у той дзень. Каля паловы асоб, абвінавачаных або прызнаных вінаватымі ў сувязі з падзеямі 19 снежня, належалі да палітычнай апазіцыі Лукашэнку.

Затрыманні і судовыя пераследы разам з працяглым цкаваннем прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў сукупнасці прадстаўляюцца спробай прыгнесці палітычную апазіцыю і не дапусціць далейшых акцый пратэсту супраць урада.

Мы таксама заклікаем урад Беларусі ўважліва вывучыць высновы спецыяльнага дакладчыка і, у святле Дакладу дакладчыка па Маскоўскім механізме АБСЕ, і Дакладу БДІПЧ АБСЕ па маніторынгу судовых працэсаў у Беларусі, прыняць належныя меры да ажыццяўлення адпаведных рэкамендацый.

Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, цалкам аднавіць іх у правах, дазволіць ім прымаць паўнавартасны ўдзел у палітычным жыцці і спыніць пераслед палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках