Міліцыянт са «справы Канавалава» асуджаны на тры гады
52- 15.02.2012, 11:40
Міліцыянта, які не ўзяў адбіткі пальцаў у Канавалава, асудзілі на тры гады.
Руслан Сініцын раней займаўся «тэлефоннымі тэрарыстамі». Суд над міліцыянтамі праводзілі ў закрытым рэжыме са спасылкай на дзяржаўныя сакрэты, якія нібыта ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы.
У Віцебскім абласным судзе «Нашай Ніве» паведамілі, што супрацоўнік УУС аблвыканкама Руслан Сініцын прызнаны вінаватым у службовай халатнасці.
Ён асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах пасялення.
Сініцын таксама пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з праходжаннем службы ў органах унутраных спраў, тэрмінам на 5 гадоў і права займацца экспертна-крыміналістычнай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў.
Нагадаем, крымінальная справа ў дачыненні да Сініцына была ўзбуджаная па арт. 428 КК («Службовая халатнасць»). Міліцыянт не ўзяў у 2009 годзе адбіткі пальцаў у прызыўніка Дзмітрыя Канавалава, якога ў мінулым годзе прызналі вінаватым у здзяйсненні выбухаў у Менску і Віцебску.
Эксперт не толькі не правёў дактыласкапію, але і выдаў маладому чалавеку даведку аб тым, што той прайшоў такую працэдуру раней.
І такім чынам прызыўнік не быў правераны на дачыненне да выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, менавіта адбіткі пальцаў Дзмітрыя Канавалава былі выяўленыя на выбуховай прыладзе, якая не спрацавала ў 2008-м.
Згодна з арт. 428 КК Руслану Сініцыну пагражала пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.
Суд над міліцыянтамі праводзілі ў закрытым рэжымеса спасылкай на дзяржаўныя сакрэты, якія нібыта ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы.
Руслан Сініцын - выпускнік Менскага вышэйшага авіяцыйнага каледжа. Да прыходу ў міліцыю працаваў у грамадзянскай авіяцыі. Працаваў экспертам фонаскапічнай лабараторыі экспертна-крыміналістычнага цэнтра УУС аблвыканкама. Займаўся вылічэннем «тэлефонных тэрарыстаў». Потым праводзіў дактыласкапію.