Aftenposten: EFTA не павінная мець справы з беларускім дыктатарам
10- 7.02.2012, 14:51
Нарвежская грамадскасць абураная сувязямі кіраўніцтва Нарвегіі з Беларуссю.
Нарвежскае выданне Aftenposten апублікавала артыкул супраць пагадненняў паміж Еўрапейскай асацыяцыяй вольнага гандлю з Мытным саюзам Расеі, Беларусі і Казахстана. Гэтыя перамовы ад імя арганізацыі вядзе Осла.
Газета таксама змясціла фота, на якім нарвежскі міністр прамысловасці і гандлю Тронд Гіске (другі злева) п'е шампанскае з беларускім міністрам гандлю Мікалаем Снапковым (крайні справа), міністрам эканамічнага развіцця Расеі Эльвірай Набіулінай і швейцарскім міністрам эканомікі Ёханам Шнайдэр-Аманам. Здымак зроблены ў пачатку 2012 года ў Жэневе, дзе праходзілі перамовы аб заключэнні пагадненняў аб вольным гандлі паміж дзяржавамі Мытнага саюза і EFTA. Мяркуецца, што наступны раўнд перамоваў пройдзе ў лістападзе ў Менску.
Як адзначае Aftenposten, Нарвегія не можа весці ніякіх перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, бо ў Беларусі вынікі выбараў фальсіфікуюцца, за палітычныя перакананні і выступленні кідаюць у турмы і катуюць.
Выданне цытуе словы жонкі кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, якая, калі пабачыла свайго мужа ўпершыню за некалькі месяцаў у віцебскай турме, сказала: «Ён выглядае як пасля 10 гадоў сталінскіх канцлагераў».
Aftenposten прыгадвае таксама і аб жорсткіх умовах утрымання іншага палітвязня і кандыдата ў прэзідэнты - Мікалая Статкевіча.
«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася з мінулага года, і мы гатовыя пашырыць санкцыі», - паведаміў выданню дыпламат ў ЕЗ. Мяркуецца, што 27 лютага міністры замежных справаў Звяза пастановяць яшчэ больш узмацніць санкцыі ў дачыненні да рэжыму.
Між тым еўрапейскі дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Ян Эгелан у размове з журналістамі быў вельмі здзіўлены, што яго краіна ад імя EFTA вядзе перамовы з Расеяй, Беларуссю, Казахстанам, бо «ва ўсіх гэтых трох краінах зафіксаваныя масавыя парушэнні правоў чалавека. Напрыклад, у Расеі сістэматычна прыгнятаецца апазіцыя, няма свабоды слова і свабоды асацыяцый, а Беларусь так наогул называюць апошняй дыктатурай Еўропы».
«Гэта вельмі праблематычная сітуацыя, - падкрэсліў Ян Эгелан, - бо гандлёвыя дамовы - сігнал таго, што вы хочаце ўсталяваць больш цесныя сувязі з краінай».
Эгелан перакананы, што Осла разам з Брусэлем павінныя праводзіць палітыку максімальнага ціску на аўтарытарныя рэжымы.
У сваю чаргу, нарвежскія ўлады сцвярджаюць, што яны спрабуюць ўнесці ў пагадненні аб вольным гандлі «выразныя заявы аб правах чалавека». Але журналісты Aftenposten уважліва вывучылі пратаколы пасяджэнняў перамоўнай камісіі і ні ў адным з іх не знайшлі словаў «правы чалавека».
Як лічыць дырэктар Нарвежскага інстытута міжнародных адносін (NUPI) Ульф Свердруп, «падобна да таго, што Осла заключыць пагадненні аб вольным гандлі ў той час як ЕЗ рыхтуецца пашырыць санкцыі».
«Пытанне ж у тым, ці можа EFTA наогул працягваць гэтыя перамовы», - адзначае нарвежскі эксперт.
Сітуацыю ўскладняе той момант, што першапачаткова EFTA падпісала важныя, асабліва для Нарвегіі, пагаднення з Расеяй. Потым, калі быў створаны Мытны саюз, Масква вылучыла патрабаванне, каб у далейшыя перамовы былі ўключаныя Менск і Астана, з чым Осла на той момант пагадзілася.
Спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў гандлёвых структурах, Aftenposten піша: «Калі ўсё пройдзе гладка, угода будзе заключаная ў наступным годзе».
Цікавы момант: Нарвегія вядзе перамовы не толькі з усім Мытным саюзам адразу, але і з кожнай краінай па-асобку. Гэтага патрабуюць ўмовы пагадненняў.
Па словах Ульфа Свердрупа, «EFTA спадзяецца такім чынам атрымаць канкурэнтныя перавагі ў Еўразвязе, бо некаторыя з гэтых пагадненняў прадугледжваюць больш нізкія сацыяльныя стандарты, чым у ЕЗ».
Еўрапейская асацыяцыя вольнага гандлю была заснавана ў 1960 годзе, каб стварыць вольную гандлёвую зону. Пазней краіны, якія ўвайшлі ў ЕЗ, пакінулі асацыяцыю. У выніку ў складзе EFTA засталіся толькі чатыры краіны, якія не ўвайшлі ў Звяз: Нарвегія, Швейцарыя, Ісландыя і Ліхтэнштэйн.
Пераклад - «Радыё Свабода»