Беларускіх зуброў «на чучала» забіў масквіч
43- 7.02.2012, 15:09
Па факце забойства трох зуброў у Валожынскім раёне Менскай вобласці, тушы якіх былі знойдзеныя абезгалоўленыя 3 лютага, распачатая крымінальная справа (незаконная паляванне).
Праверку па гэтым здарэнні праводзілі органы ўнутраных спраў.
Як распавёў БелаПАН начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Менскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка, у абследаванні месца злачынства і пошуку рэчавых доказаў былі задзейнічаны супрацоўнікі крымінальнага вышуку, інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, а таксама вайскоўцы. Спачатку ў снезе была выяўленая стрэляная гільза, пасля ў тушы адной з жывёл з дапамогай мінашукальніка знайшлі кулю. Як высветлілася пазней, стралялі з карабіна, не распаўсюджанага на тэрыторыі Беларусі.
Галовы жывёлаў былі закапаныя ў снезе ў аддаленні. Прычым адрэзаныя яны былі прафесійна, з часткай грудной клеткі, і, як лічаць спецыялісты, прызначаліся для вырабу чучалаў.
У ходзе расследавання папярэдне ўсталявана, што ўначы 27 студзеня пры правядзенні паляўнічага тура пад кіраўніцтвам інжынера па паляўнічых гаспадарках мясцовага лясгаса і егераў гэтага лясгаса трох зуброў застрэліў жыхар Масквы. Беларусы затрыманыя, расеец знаходзіцца ў вышуку.