Снапкоў вырашыў стаць «больш агрэсіўным»
22- 7.02.2012, 15:31
Міністэрства эканомікі Беларусі будзе больш агрэсіўна працаваць над павышэннем інвестыцыйнага рэйтынгу краіны.
Аб гэтым заявіў сёння міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на паседжанні Савета Міністраў, перадае БелТА.
«Міністэрства эканомікі будзе больш агрэсіўна, мэтанакіравана працаваць з дзяржорганамі па фарміраванні новых умоваў для дасягнення ў кароткатэрміновым перыядзе не менш за 30-га месца ў рэйтынгу Doing Byisness», - адзначыў Мікалай Снапкоў. У сувязі з гэтым неабходна засяродзіць увагу на выраўноўванні і стварэнні больш прывабнага асяроддзя для працы бізнесу на тэрыторыі Беларусі, падкрэсліў ён.
Мікалай Снапкоў заўважыў, што партнёры Беларусі па АЭП - Расея і Казахстан - актыўна адкрываюць свае прадпрыемствы для ўваходжання ў транснацыянальныя карпарацыі. «Намер «Даймлер» набыць 27% акцый КамАЗа ў гэтай сувязі выклікае сумнеў далейшага зліцця з МАЗам», - лічыць Мікалай Снапкоў.
Ён таксама звярнуў увагу на прыход буйных сусветных інвестараў у іншыя галіны Расеі, у прыватнасці ў малочную. Такім чынам, канкурэнтная барацьба будзе ўзмацняцца, і не толькі ў традыцыйных галінах. Канкурэнцыя ўзмацняецца і ў кропках росту. «Нашыя калегі па АЭП апярэджваюць нас па інстытуцыянальных пераўтварэннях, гэта павінна прымусіць нас задумацца і паскорыць сваю працу з міжнароднымі інвестарамі», - сказаў міністр. «Чаму мы першыя фарміруем ідэі, але не першыя іх ўвасабляем?» - выказаў ён шкадаванне. І тут для дынамічнага прасоўвання працы неабходна задзейнічаць Дырэктыву № 4. «Гэта нашая кропка росту, гэта пачатак ладу новай, гнуткай, эфектыўнай, дынамічнай эканомікі», - падкрэсліў Мікалай Снапкоў.