Візавы рэжым з Турцыяй адменяць
21- 15.03.2012, 10:50
Падрыхтаванае пагадненне аб адмене візавага рэжыму паміж Беларуссю і Турцыяй.
Пра гэта паведаміў кіраўнік дыпмісіі гэтай краіны ў Менску Джэват Нэзіхі Озкая 14 сакавіка ў ходзе сустрэчы са студэнтамі БДУ, арганізаванай грамадскім аб'яднаннем «Дыялог Еўразія» пры падтрымцы Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі. Матэрыялы сустрэчы размешчаныя на сайце цэнтра, перадае БелаПАН.
Па словах амбасадара Турцыі, чакаецца візіт з Беларусі на самым высокім узроўні, у ходзе якога плануецца падпісанне пагаднення.
Дыпламат прагназуе, што адмена візавага рэжыму прывядзе ў Беларусь значна больш грамадзянаў Турцыі. «Прадпрымальнікі Турцыі, калі глядзяць на Беларусь, бачаць не толькі тэрыторыю Беларусі, яны бачаць Балтыку, Польшчу, Украіну, Скандынавію і вялізную Расею, - сказаў Азкая. - Інвестары, укладаючы грошы сюды, бачаць перспектыву».
Па ягоных словах, пасля адмены візавага рэжыму паміж Беларуссю і Турцыяй з'явіцца магчымасць арганізаваць штодзённыя авіярэйсы.
Амбасадар таксама адзначыў, што Турцыя з'яўляецца запатрабаваным месцам для адпачынку беларусаў. Паводле статыстыкі, у 2011 годзе краіну наведалі да 160 тысяч беларускіх грамадзян.