Як самалёт Лукашэнкі не пусцілі ў Расею
12- 6.04.2012, 15:09
Авіязносіны паміж Беларуссю і Расеяй аднойчы ўжо прыпыняліся.
Праўда, тычылася гэта толькі аднаго самалёта, затое - з самым «галоўным» пасажырам, перадае «Радыё Свабода».
У 1997 годзе, калі за спробу перайсці дзяржаўную мяжу былі затрыманыя супрацоўнікі расейскага тэлебачання, у тым ліку і Павел Шарамет, Масква адмовілася даць паветраны калідор для самалёта Аляксандра Лукашэнкі для палёту ў Яраслаўль.
«Хай спачатку Шарамета выпусціць!», - заявіў прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын журналістам. Праз некалькі дзён Шарамет быў вызвалены.
Назіральнікі, аднак, тады ўбачылі ў кроку Масквы не толькі жаданне вызваліць арыштаваных журналістаў.
На той момант Лукашэнка актыўна наведваў расейскія рэгіёны, аддаючы перавагу тым, дзе губернатарамі былі прыхільнікі камуністаў. Лукашэнка не толькі сустракаўся з кіраўнікамі абласцей, але і наведваў прадпрыемствы, выступаў перад працоўнымі калектывамі, ахвотна даваў інтэрв'ю ў мясцовай прэсе. Пры гэтым Лукашэнка заяўляў аб мэтазгоднасці самай цеснай інтэграцыі з Расеяй аж да аб'яднання ў адзіную дзяржаву. Хто ў гэтым выпадку павінен быў стаць кіраўніком такой дзяржавы - хваравіты Ельцын або энергічны Лукашэнка - сумневаў ва ўдзельнікаў сустрэчы не заставалася.
На нейкі час палёты Лукашэнкі ў расейскія рэгіёны былі спыненыя, потым аднавіліся, хоць і не з ранейшай перыядычнасцю. Аднавіліся і інтэграцыйныя працэсы паміж Масквой і Менскам.