ЕЗ: Мы не вядзем перамовы, а чакаем канкрэтных дзеянняў
20- 6.04.2012, 17:20
У канцылярыі еўракамісара Кэтрын Эштан не чулі аб прапановах Беларусі, якія маглі б зняць напружанне ў адносінах паміж Менскам і Бруселем.
5 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў распавёў аб прапанаваных афіцыйным Менскам кроках, якія маглі б прывесці да дээскалацыі адносінаў Беларусі і ЕЗ.
Тым часам прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі Мая Качыянчыч кажа, што не ведае аб прапановах Беларусі, і нагадвае, што Брусель па-ранейшаму чакае вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій супраць апазіцыі.
«Я не ведаю, што Сяргей Мартынаў мае на ўвазе. Мы не вядзем перамоваў. Гэта не з'яўляецца прадметам для размовы. Мы чакаем ад Беларусі канкрэтных дзеянняў. Дзейнічаць павінная Беларусь. Мы сфармулявалі дакладныя патрабаванні. І хочам, каб яны былі выкананыя», - сказала Мая Качыянчыч у інтэрв'ю «Еўрарадыё».