Педагогам зразаюць заробкі за нізкія паказчыкі па піянерах
87- 11.05.2012, 11:26
Педагогу-арганізатару з менскай школы зрэзалі 700 тысяч прэміі за... нізкія паказчыкі па піянерах. А гэта траціна заробка!
«Выклікае завуч і кажа, што нізкі рост па піянерах». Маўляў, вы атрымліваеце прэмію за высокія паказчыкі, каля... 700 тысяч. Куды ўваходзіць колькасць піянераў і ненармаваны працоўны графік. І я атрымаў за месяц 1,6 мільёна, замест 2,2. Піянераў сапраўды не было, але ненармаваны графік быў», - распавядае «Еўрарадыё» педагог-арганізатар Андрэй.
Чым больш піянераў, тым лепш. Класнаму кіраўніку за гэта могуць даць кубак, таму што... гэта гонар гімназіі!
«У нас конкурс на лепшы клас. Падводзім вынікі ў канцы года, у тым ліку, і па колькасці ўдзельнікаў піянерскіх арганізацый. Гэта наш гонар, будзем уручаць кубак гімназіі», - кажуць у 12-ай сталічнай гімназіі.
У гонцы за паказчыкамі запісваюць у піянеры цэлыя класы. У 12-ай менскай гімназіі 85% - у піянерскай арганізацыі. Уступілі амаль усе пяцікласнікі. Толькі 8 чалавек з паралелі праігнаравалі.
«У мінулым годзе ўсе шостыя класы былі ў піянерах. Зараз усе 5-я, толькі ў адным класе 8 чалавек не ўступілі. Гэта ж добра, яны ж нічога дрэннага не рабілі», - запэўніваюць у гімназіі.
Адная праблема - бацькі. Тыя адмаўляюцца даваць згоду па... рэлігійных матывах.
«Ёсць бацькі, якія катэгарычна супраць, агрэсіўна наладжаныя. Бываюць сітуацыі, калі бацькі па рэлігійных прычынах не дазваляюць уступаць. Але, у прынцыпе, акцый пратэсту бацькі не праводзяць», - распавядаюць у 66-ай сталічнай школе.
«Піянеры павінныя ведаць законы, крыху аб піянерыі, традыцыях і датах, звязаныя з піянерамі. Павінныя ведаць, калі аддаваць салюты», - пералічваюць патрабаванні.
Пераможца рэгіянальнага конкурсу «Я-лідар» з Акцябарскага Ксюша Дзягелька у піянерах тры гады. Ейная маці згадвае, што, каб узялі ў піянеры, дачка вучыла клятву, падобную да «ленінскай».
«Яны вучылі клятву пра піянераў, іх прымалі на брацкіх могілках. Мы ў свой час Леніну клятву вучылі, а яны радзіме, там перароблена ў іх», - успамінае маці Ксюшы Алена Уладзіміраўна.
Каб дачку прынялі, мама пісала заяву ў піянерскую арганізацыю. Там трэба было дапісаць толькі імя і прозвішча, кажа Алена Уладзіміраўна: «Там прыносяць ужо надрукаванае, а трэба ўставіць толькі прозвішча і імя».
Дарэчы, у класе ў Ксюшы ў піянеры ўступілі не ўсе вучні. Яе маці гэта памятае з бацькоўскіх сходаў.