Сарванае святкаванне гадавіны руху «За Свабоду»
3- 17.05.2012, 9:52
Сябры руху «За Свабоду» планавалі адсвяткаваць пятую гадавіну арганізацыі на выходных на базе адпачынку пад Менскам.
«Нечакана нам паведамілі, што на выходныя на базу прыедуць на нейкае мерапрыемства дзеці. На нашыя пытанні, ці магчыма перанесці нашае мерапрыемства на больш познія тэрміны, мы пачулі толькі няўцямнае мыканне», - цытуе прэс-служба руху «За свабоду» намесніка старшыні арганізацыі Юрыя Губарэвіча.
Губарэвіч адзначае, што невядома, ці тое быў загад ад уладаў сарваць мерапрыемства, ці тое адміністрацыя базы перастрахавалася, каб не мець праблем: «У любым выпадку мы маем чарговае пацверджанне, наколькі абсурднымі становяцца паводзіны людзей у краіне, дзе пануе атмасфера страху».
«Палітычнай часткай праграмы павінна было стаць хіба што пашыранае паседжанне савета руху, на якім планавалася прааналізаваць нашую дзейнасць за гэтыя пяць гадоў», - сказаў ён.
Рух «За Свабоду» паўстаў пасля прэзідэнцкіх «выбараў» 2006 года. Узначаліў яго кандыдат у прэзідэнты на тых «выбарах» Аляксандр Мілінкевіч. Рэгістрацыйнае пасведчанне было атрыманае з чацвёртай спробы ў 2008-м годзе.