Дзмітрыеў і Пашкевіч выйшлі на волю
14- 17.05.2012, 17:20
Лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева і Міхаіла Пашкевіча, якія адбылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за сход дачнікаў Смалявіцкага раёна, адпусцілі са Смалявіцкага РАУС.
7 мая суддзя Смалявіцкага раённага суда Алена Міснік прысудзіла намесніка старшыні ГК «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева і сябра кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі Міхаіла Пашкевіча да арышту на 10 сутак, нагадвае БелаПАН.
Прысуд быў вынесены нібыта за арганізацыю актывістамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, пад чым разумеўся іхні ўдзел у сходзе садовага таварыства «Алеся» па просьбе сябраў гэтага таварыства з мэтай аказання кансультатыўнай падтрымкі па абароне імі сваіх правоў уласніка.
«Судом не прынята да ўвагі, што сходы сябраў садовага таварыства рэгламентуюцца іншымі нарматыўнымі актамі, а не Законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама не ўлічыў, што А. Дзмітрыеў і М.Пашкевіч не з'яўляліся і не маглі з'яўляцца арганізатарамі сходу згодна са Статутам садовага таварыства», - гаворыцца ў заяве.
«Гавары праўду» лічыць, што рашэнне суда «прадыктаванае жаданнем уладаў адпомсціць А.Дмітрыеву і М. Пашкевічу за іхнюю дзейнасць па папулярызацыі ідэй «Грамадзянскай дамовы», адным з крокаў па рэалізацыі якога стала дапамога, што аказваецца нашай грамадзянскай кампаніяй сябрамі садовых таварыстваў і жыхарам вёсак Смалявіцкага раёна, чые матэрыяльныя інтарэсы маглі быць незаконна ўшчэмленыя пры будаўніцтве ў раёне Кітайска-Беларускага тэхнапарку».
А.Дмітрыева і М.Пашкевіча пасадзілі за краты 7 мая ў 21 гадзіну, адпусцілі - 17 мая адразу пасля 16-ці. Увечары актывісты «Гавары праўду» планавалі сустракаць сваіх лідараў на волі.