Кітайскі Твітэр уводзіць жорсткую цэнзуру
10- 29.05.2012, 10:24
Найбуйнейшы сэрвіс мікраблогаў Кітая Weibo - аналаг Твітэру - папярэдзіў сваіх карыстальнікаў аб увядзенні жорсткай цэнзуры на паведамленні.
Ініцыятыва зыходзіць ад мясцовых уладаў, якія незадаволеныя распаўсюджваннем праз дадзеную сацыяльную сетку неабгрунтаваных чутак і здагадак.
У цяперашні час сэрвіс Weibo, які належыць кампаніі Sina Corp., мае больш за 300 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў. З увядзеннем новых правілаў у кожнага з карыстальнікаў будзе пэўны крэдыт даверу - 80 балаў. За карэктныя паводзіны і ўдзел у ідэалагічнай прапагандзе ім будуць налічвацца дадатковыя балы, тады як за парушэнне правілаў балы, адпаведна, будуць адымацца, перадае interfax.by.
Пры зніжэнні колькасці балаў да 60 карыстальнік убачыць папярэджанне аб тым, што ягоны крэдыт даверу ўпаў да небяспечнай мяжы. Вярнуцца да адзнакі 80 балаў даволі проста, адзначаюць прадстаўнікі Sina Corp. - Дастаткова добра паводзіцца ў сетцы два месяцы запар. Але калі карыстальнік праігнаруе гэтае паведамленне і не выправіцца, у далейшым пры дасягненні нуля ягоны рахунак будзе выдалены.
Правілы паводзінаў Weibo забараняюць карыстальнікам:
распаўсюджваць чуткі
публікаваць загадзя ілжывую інфармацыю
пераходзіць на асабістыя абразы і паклёпнічаць на іншых карыстальнікаў
публікаваць паведамленні, якія супярэчаць асноўным прынцыпам канстытуцыі КНР
раскрываць дзяржаўныя таямніцы
ганьбіць гонар сваёй краіны
прапагандаваць культы і ідалапаклонства
заклікаць да незаконных акцый пратэсту і масавых збораў
У кодэксе таксама сказана, што карыстальнікі не павінныя звяртацца да алегорый і іншых падобных метадаў, каб абыйсці правілы.