Лукашэнку не запрасілі на саміт у Ялце
48- 4.05.2012, 13:09
Беларускага дыктатара не будзе на 18-м саміце лідараў дзяржаў Цэнтральнай Еўропы ў Ялце 11-12 мая.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў прэс-сакратар МЗС Украіны Аляксандр Дзікусараў.
«Лукашэнку не запрашалі. Ды ён ніколі не прымаў удзелу ў такіх самітах, у тым ліку, калі такая сустрэча праходзіла ва Украіне», - сказаў прэс-сакратар.
Паводле Дзікусарава, на саміце будуць двухбаковыя сустрэчы розных кіраўнікоў дзяржаў рэгіёну. Сярод тэм для абмеркавання - праблемы прыднястроўскага ўрэгулявання, супрацьпаветранай абароны ў Еўропе, адносіны Расеі і Еўразвяза, газавыя пастаўкі.
Тым часам лідары Чэхіі, ФРГ, Славеніі, Эстоніі, Італіі, Аўстрыі, Харватыі, Албаніі, Балгарыі і Латвіі паведамілі, што не прыедуць на саміт ва Украіну.
Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Валошын у інтэрв'ю ВВС заявіў, што колькасць прэзідэнтаў, якія прыбудуць на саміт, не мае вырашальнага значэння, але лепш было б, каб еўрапейскія лідары размаўлялі з украінскім прэзідэнтам, а не ўхіляліся ад дыялогу.
«Лепш, калі б усе прыехалі. Але хіба сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Польшчы - гэта не важна? Патрэбны дыялог. Мы не будзем, як некаторыя нашыя суседзі, адклікаць сваіх амбасадараў у адказ на пэўныя дзеянні Еўразяза. Мы такімі глупствам не займаемся», - заявіў Алег Валошын.