Менская калегія адвакатаў абрала новага старшыню
12- 8.05.2012, 11:41
Выбары новага старшыні МГКА прайшлі на агульным сходзе сябраў калегіі 26 красавіка.
Як паведамляе афіцыйны сайт рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», прапановы па кандыдатурах на пасаду старшыні калегіі ўнесла Міністэрства юстыцыі. Гэта прадугледжана законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Беларусі», які ўступіў у сілу з 6 красавіка. Прэтэндэнтаў на пасаду старшыні МГКА было двое - Аляксей Швакоў і Сяргей Буякевіч. Большасць галасоў набраў Аляксей Швакоў. З ягоным выбраннем Мінюст пагадзіўся.
Раней старшынём сталічнай калегіі адвакатаў быў Аляксандр Пыльчанка, які займаў гэтую пасаду з красавіка па снежань 2011 года. Прэтэнзіі ў Мінюста да Пыльчанки з'явіліся пасля таго, як ён выступіў з крытычнымі заўвагамі аб сітуацыі ў беларускай адвакатуры. Так, 18 лютага 2011 года Пыльчанка, каментуючы рашэнне Мінюста аб пазбаўленні ліцэнзій чатырох адвакатаў МГКА - абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, выказаў занепакоенасць з нагоды незалежнасці беларускіх адвакатаў. Неўзабаве пасля гэтага загадам міністра юстыцыі ён быў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці.
Заява аб спыненні сваіх паўнамоцтваў на пасадзе старшыні МГКА была напісаная Пыльчанкам 2 верасня 2011 года пасля таго, як Мінюст вынес прадстаўленне аб яго датэрміновым адклiканнi.
Прадстаўленне Мінюста аб датэрміновым адкліканні старшыні МГКА было разгледжанае 22 кастрычніка на агульным сходзе сябраў калегіі. Таксама разглядалася ўласная заява Пыльчанкі аб спыненні паўнамоцтваў. Рашэннем агульнага сходу ён быў вызвалены ад пасады. Новым старшынём абраны Андрэй Санковіч.
24 кастрычніка Мінюст абвясціў аб прыпыненні дзеяння рашэнняў агульнага сходу сябраў МГКА і прызначыў праверку захавання рэгламенту агульнага сходу. Па выніках праверкі Мінюст накіраваў у Рэспубліканскую калегію адвакатаў ліст аб тым, што пры правядзенні сходу былі дапушчаныя парушэнні парадку яго правядзення. Аднак не падвяргалася сумневу правамоцнасць агульнага сходу пры разглядзе заявы Пыльчанкі аб датэрміновым спыненні ягоных паўнамоцтваў і прадстаўлення Мінюста аб датэрміновым адкліканні старшыні МГКА.
Да 26 красавіка 2012 года пасада старшыні МГКА была вакантная, абавязкі старшыні выконваў ягоны намеснік Яўген Гермянчук.