Магілёўскі абласны суд адмовіў у апеляцыі актывісту апазіцыі
6- 8.05.2012, 13:02
Магілёўскі абласны суд не знайшоў падстаў, каб задаволіць апеляцыю Сяргея Нягаціна на прысуд Ленінскага суда Магілёва.
Скаргу актывіста разглядаў суддзя Сяргей Конеў, паведамляе «Радыё Свабода».
12 красавіка суддзя Ленінскага раённага суду Аксана Ратнікава прызнала Сяргея Нягаціна вінаватым у парушэнні закона «Аб сродках масавай інфармацыі» і аштрафавала яго на тры мільёны рублёў. Паводле прысуду, актывіст распаўсюджваў газету «Тут і цяпер» без дамовы зв ыданнем на распаўсюд. На думку суддзі, гэта з'яўляецца парушэннем Закона аб СМІ.
«Я абараняў сябе, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права распаўсюджваць інфармацыю. Я быў перакананы ў тым, што ў нас Канстытуцыя важнейшая за іншыя законныя і падзаконныя акты. Суддзя адказаў, што нашая Канстытуцыя не мае прамога дзеяння, як у ЗША, таму дзейнічаюць іншыя законы. Вось такія ў нас атрымліваюцца нюансы ў заканадаўстве. Падобна да таго, што асноўны закон - гэта дэкрэт прэзідэнта, а Канстытуцыя ў іерархіі законаў займае апошняе месца. Буду абскарджваць прысуд і далей», - сказаў Сяргей Нягацін.
Праваабаронцы заяўляюць, што пакаранне Нягаціна з фармулёўкай «распаўсюджваў выданне без дамовы з ім» беспрэцэдэнтны ў Беларусі. Паводле іх, газета «Тут і цяпер» афіцыйна не зарэгістраваная, таму не патрабуе і афіцыйнага дазволу на распаўсюд.