Беларускія The Toobes перамаглі на польскім рок-фестывалі
9- 8.05.2012, 14:34
Беларускія музыкі абышлі 10 польскіх каманд і патрапілі ў фінал фестывалю без удзелу ў конкурсе.
Менчукі The Toobes выступілі на буйным польскім рок-фестывалі BROWAR ROCK FESTIVAL 2012, які прайшоў 4 мая ў польскім Жыўцы. Беларускае трыо атрымала першае месца сярод 11-ці ўдзельнікаў і грашовы прыз, паведамляе «Еўрарадыё».
«Каментар быў: вы граеце брытанскую музыку лепш за брытанцаў! Самы прыемны момант і прыемны водгук ад журы конкурсу», - дзеліцца ўражаннямі ад падзеі бубнач гурта Стась Ламакін.
Цікава, што ў The Toobes атрымалася абмінуць ўдзел у трох адборачных турах музычнага спаборніцтва. Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі польскай музычнай сцэны і СМІ, палічылі беларусаў прафесіяналамі і ўключылі ў спіс выступоўцаў-фіналістаў па-за конкурсам. BROWAR ROCK FESTIVAL 2012 ставіць мэтай менавіта прасоўванне маладых каманд, адпаведна, The Toobes патрапілі ў «плыню» і ўжо атрымалі шэраг прапановаў на ўдзел у летніх польскіх рок-фестывалях.