Івашкевіч не будзе аспрэчваць заклікі да санкцый ЕЗ
8- 1.06.2012, 11:26
Палітыка не пускаюць на сустрэчу з рэдактарам сайта charter97.org.
Апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч не напісаў абвяржэнне сваіх выказванняў аб неабходнасці ўвядзення санкцый да Беларусі з боку Еўразвяза.
Нагадаем, 22 мая суд Савецкага раёну Менску задаволіў пазоў работніцы Мазырскага НПЗ Марыны Цыбліенка да Івашкевіча за ягоныя заклікі да ЕЗ пашырыць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў-нафтаперапрацоўшчыкаў. Згодна з пастановай суду, палітык павінен выплаціць працаўніцы 500 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі за маральную шкоду, нанесеную гэтымі заклікамі, а таксама абвергнуць свае заявы на сайце charter97.org.
Івашкевіч пацікавіўся ў суда, у якой форме павіннае быць напісанае абвяржэнне, аднак адказу па сутнасці так і не атрымаў. Палітыку толькі ўручылі рашэнне суда, дзе сказана: «Віктар Івашкевіч абавязаны адмовіцца ад сваіх патрабаванняў, указаных у ягоным лісце, і накіраваць яго тым жа адрасатам і тым жа спосабам, у тым ліку размясціўшы на сайце «Хартыя-97» на працягу 10 дзён з моманту ўступлення рашэння ў сілу».
«Абвяржэнне я не пісаў. Лічу, суд не стварыў мне дзеля гэтага ўмоваў: з мяне не знятае абмежаванне на выезд з Беларусі, з-за якога я не магу выехаць у Літву дзеля перамоваў з рэдактарам сайта charter97.org», - заявіў Івашкевіч БелаПАН.
Ён не змог выказаць здагадку, якой можа быць рэакцыя суда на ягонае рашэнне.
У сваю чаргу рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, каментуючы прысуд суду, заявіла, што «беларускія ўлады, магчыма, зусім страцілі сувязь з рэальнасцю». «На якой падставе сайт charter97.org павінен выконваць гэтае рашэнне? Мы не прызнаем рашэнняў лукашэнкаўскага суду, які абсалютна падкантрольны ўладам і выносіць толькі палітычна матываваныя прысуды. Хай яны ўказваюць БТ і «Советской Белоруссии», што рабіць», - рэкамендавала Радзіна суду.