У памяшканні для семінара адмовілі ў апошні момант
1- 1.06.2012, 13:10
Грамадзянская ініцыятыва «Гомельскі дэмакратычны форум» планавала 31 мая правесці майстар-клас «Узаемадзеянне НУА і СМІ: узаемная цікавасць і кропкі судотыку».
На мерапрыемства былі запрошаныя прадстаўнікі НДА і СМІ, блогеры і медыяактывісты. Перад удзельнікамі семінара планавалі выступіць рэгіянальныя журналісты, каб абмеркаваць узаемадзеянне НДА і СМІ, даць майстар-класы па напісанні прэс-рэлізаў, пошуку інфармацыйных падстаў, якія можна ператварыць у навіны, магчымыя механізмы супрацоўніцтва «трэцяга сектара» і «чацвёртай улады» для дасягнення агульнай мэты - развіцця грамадзянскай супольнасці, піша ПЦ «Вясна».
За тыдзень да меркаванага мерапрыемствы актывісты «ГДФ» дамовіліся з адміністрацыяй гатэля «Сож» на арэнду канферэнц-залы для правядзення майстар-класа. І вось 31 мая раніцай адміністрацыя гатэля паведаміла арганізатарам, што мерапрыемства не будзе, бо гатэль мае тэрміновае прадпісанне распачаць рамонт у канферэнц-зале.
«Мы ўжо трэці раз атрымліваем такія адмовы, прычым у апошні момант. Усе такія выпадкі былі звязаныя з мерапрыемствамі, якія была накіраваныя на развіццё мясцовага грамадскага сектара, мясцовых незалежных арганізацый і ініцыятыў. Відаць, ёсць у рэгіёне сілы, якія не зацікаўленыя ў развіцці грамадзянскай супольнасці», - пракаментаваў заснавальнік «ГДФ» Пётр Кузняцоў.