Расейскіх заўзятараў знялі з цягніка на польскай мяжы
11- 18.06.2012, 9:28
Польская памежная служба зняла з цягніка на мяжы з Беларуссю двух расейцаў, якія падазраюцца ў збіцці сцюардаў ва Уроцлаве.
Інцыдэнт адбыўся пасля матчу з Чэхіяй 8 чэрвеня, нагадаў РІА «Новости» прэс-сакратар Люблінскага аддзялення пагранслужбы Дарыюш Сініцкі.
«Сёння раніцай мы перапынілі паездку двум грамадзянам Расеі, якіх падазраюць ва ўдзеле ў бойцы ва Уроцлаве. Пасажыры выканалі патрабаванні памежнай службы, сілавыя сродкі да іх не ўжываліся», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле яго, аб затрыманні была праінфармаваная мясцовая пракуратура. Пасля праверкі падазроных пасажыраў будзе прынятае рашэнне аб тым, перадаваць іх паліцыі або дазволіць вярнуцца дадому.
Інцыдэнт ва Уроцлаве адбыўся пасля таго, як адзін з расейскіх заўзятараў кінуў на поле фаер. Ахова стадыёна паспрабавала яго затрымаць. На абарону хулігана ўсталі ягоныя таварышы - яны накінуліся на ахоўнікаў і адбілі парушальніка. Зараз расейскаму футбольнаму саюзу пагражае штраф за кінуты фаер, а ўдзельнікам бойкі - суд.
Польская паліцыя апублікавала 6 фотаздымкаў, на якіх адлюстраваныя найбольш актыўныя ўдзельнікі бойкі і віноўнік інцыдэнту, які кінуў фаер. Усяго ў вышук былі абвешчаныя больш за дзесяць чалавек. Пасля прагляду відэазапісаў паліцыі атрымалася сумесна з расейскімі калегамі ўсталяваць асобы некаторых з іх. Інфармацыя пра іх была перададзеная памежным службам і расейскім праваахоўным органам.