Zenon прадставіў кліп пра антыбальшавіцкі супраціў (Відэа)
39- 21.06.2012, 10:37
Таямнічы беларускі рэпер зрабіў кліп на песню «Ліцвіны», якая мае ўсе шанцы стаць хітом.
Трэк прысвечаны антыбальшавіцкаму супраціву ў Беларусі. «Упэўнены, што калі б беларусы абаранілі сваю дзяржаву БНР, то ўся нашая гісторыя пайшла б у іншым напрамку. І хіп-хоп прыйшоў бы да нас значна хутчэй, таму што не было б тады татальнага кантролю ў савецкія часа», - кажа лідэр праекту, які пажадаў застацца невядомым.
Ананімны праект, які называецца Zenon, паўстаў у гэтым годзе, нагадвае tuzin.fm. Музыкі запісваюць музыку ў хатніх умовах, накладуаюць на яе адмыслова падабраны відэашэраг і выкладваюць у сеціва. Такім чынам ужо былі прэзентаваны трэк «Дывізіён 303», прысвечаны памяці лётчыкаў з Заходняй Беларусі, якія ў складзе польскіх атрадаў ўдзельнічалі ў абароне Вялікабрытаніі ад нападаў нямецкай авіяцыі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама неафіцыйны саўндтрэк да стужкі «Вышэй за неба».
Новы трэк ад Zenon называецца «Ліцвіны». Свой твор выканаўца прысвяціў Гродзенскаму добраахвотнаму палку ўланаў, які прымалі ўдзел у абароне Беларусі ад бальшавіцкіх захопнікаў у 1919-1920 гадах. Таксама трэк прысвячаецца салдатам 1-й Беларуска-літоўскай дывізіі і асабіста беларускаму князю Станіславу Радзівілу, які аддаў сваё жыццё за свабоду беларускіх і ўкраінскіх зямель у бітве з бальшавікамі пад Кіевам у 1920 годзе. У кампазіцыі распавядаецца гісторыя беларускай шляхцянкі Ганны з роду Сапегаў, якая загінула ад бальшавіцкай кулі непадалёк ад мястэчка Вілейка ў 1920 годзе.
«Мы жа павінныя разабрацца з гісторыяй дзеля таго, каб годна жыць у будучыні. І павінныя заўсёды памятаць, што нічога не ўзнікае проста так і ўсё мае свае карані», - разважае выканаўца.
У сваім відэароліку Zenon выкарыстаў кадры з польскага тэлесерыяла «1920. Wojna i milosc».