Пракуратура возьмецца за «чалнакоў» з іншамаркамі
33- 21.06.2012, 15:27
Прыбыткі ад нелегальнага гандлю ў памежнай зоне прыйдзецца дэклараваць.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў, паведамляе «Вячэрні Гродна». Шляхам выканання няхітрых арыфметычных дзеянняў у пракуратуры падлічылі, што ў бюджэт не прыносяць ніякага прыбытку каля 80 тыс. жыхароў Гродзенскай вобласці, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце.
«Частка з іх маюць асабнякі і іншамаркі, іхнія дзеці наведваюць школы, яны самі карыстаюцца медыцынскай дапамогай, пры гэтым не выплачваюць ні капейкі ў дзяржаўную казну», - падкрэсліў Віктар Марозаў.
Па ініцыятыве пракуратуры такіх грамадзянаў запросяць у падатковую інспекцыю, каб яны задэкларавалі прыбыткі.
Зараз падатковая ўжо «ўзялася» за продаж дарагіх спіртных напояў (віскі, марціні без акцызных марак) праз Інтэрнэт. Алкаголь набываецца ў крамах бяспошліннага гандлю, аднак пры кантрольных закупках, якія ажыццяўляюцца праз гродзенскія сайты і форумы, супрацоўнікі падатковых органаў выяўляюць парушэнні.
Паводле звестак упраўлення кантролю падакцызных тавараў інспекцыі МПЗ па Гродзенскай вобласці, за 4 месяцы з ценявога абароту канфіскавана падакцызнай прадукцыі на 889,6 млн рублёў, у тым ліку 304 літры алкаголю на 16,2 млн, 293,2 тыс. пачкаў цыгарэт, дызельнае паліва , машынныя маслы і нават піва. У прыбытак бюджэту звернута тавараў на 1,2 млрд рублёў.