Human Rights Watch: Патрэбныя больш рашучыя крокі
2- 21.06.2012, 15:35
Міжнародная супольнасць павінная прадпрымаць больш рашучыя дзеянні ў дачыненні да Беларусі.
У інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch ў Жэневе Філіп Дам заявіў, што беларускія ўлады павінныя вызваліць палітвязняў, спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці і палітычных актывістаў і пачаць правядзенне рэформ, якія палепшаць сітуацыю з правамі чалавека.
Паводле яго, HRW з моманту прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года спрабавала вярнуць беларускае пытанне ў парадак дня Рады ААН па правах чалавека. «Пасля разгону мірных дэманстрантаў 19 снежня было ўзмацненне рэпрэсій у краіне ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці. У сувязі з гэтым мы лічым, што сітуацыя з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі павінная быць на парадку дня Рады па правах чалавека і міжнароднай супольнасці ў цэлым», - сказаў ён.
Як адзначыў Дам, пасля больш чым года дакументавання выпадкаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі можна бачыць, што «беларускі ўрад адмаўляецца супрацоўнічаць з праваабарончымі механізмамі ААН, як з Вярхоўным камісарам, так і з тэматычнымі дакладчыкамі і экспертамі Рады па правах чалавека».
«За апошні год сітуацыя ў краіне пагоршылася. У якасці прыкладу можна ўспомніць затрыманні і арышты праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, узмацненне жорсткасці заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць грамадскіх арганізацый і правядзенне масавых мерапрыемстваў, - сказаў Дам. - Мы лічым, што павінныя рушыць услед больш актыўныя і рашучыя дзеянні з боку міжнароднай супольнасці».
Дам выказаў надзею, што ў канцы 20-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, якая праходзіць з 18 чэрвеня па 6 ліпеня ў Жэневе, большасць краін «усё ж прагаласуе за рэзалюцыю па Беларусі, якая прадугледжвае ўвядзенне мандата спецдакладчыка».
«Магчыма, і для ўрада Беларусі будзе важна ўбачыць, што ў апошнія гады супраць бесперапынных парушэнняў правоў чалавека ў краіне аб'ядноўваюцца не толькі заходнія краіны, але таксама і краіны Лацінскай Амерыкі, афрыканскія і азіяцкія краіны», - сказаў Дам.
На ягоную думку, калі беларускія ўлады «зразумеюць, што раз афрыканскія, амерыканскія, азіяцкія і еўрапейскія краіны падзяляюць заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі, то гэта стане стымулам для супрацоўніцтва Менска з праваабарончай сістэмай ААН, як са спецдакладчыкам, калі гэты мандат будзе ўхвалены, так і з іншымі механізмамі Рады па правах чалавека».