Кабякоў: У нас таксама ўзнікаюць пытанні да расейскіх партнёраў
24- 25.06.2012, 11:38
Амбасадар РБ у Расеі Андрэй Кабякоў пракаментаваў праблему экспарту «растваральнікаў і разбаўляльнікаў» з Беларусі.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, гэта дазваляе Менску ў абыход пагадненняў з Расеяй пазбегнуць пералічэння ў расейскі бюджэт значных сум экспартных пошлін на нафтапрадукты.
«Я б не стаў драматызаваць сітуацыю, калі ў двух бакоў узнікаюць пытанні да партнёраў», - сказаў Кабякоў, адказваючы на тэлеканале РБК на пытанне вядучага пра «растваральнікі» і «разбаўляльнікі», піша АФН.
«У нас таксама ўзнікаюць пытанні да расейскіх партнёраў, проста не так гучна», - адзначыў беларускі дыпламат.
Паводле яго, двум бакам трэба «сесці за стол і разабрацца».
«Галоўнае, каб не ўзнікала парушэнняў заканадаўства», - заявіў Кабякоў.
А пасля удакладніў, што ў выпадку ўзнікнення такога парушэння, ёсць сэнс ўнесці змены ў заканадаўства і пагадненні.
Эфір з Кабяковым быў арганізаваны з нагоды 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносінаў паміж РБ і РФ.