Марныя надзеі
4- 27.06.2012, 9:38
ПАРЕ ізноў заклікала Беларусь правесці сумленныя выбары.
Камітэт па палітычных пытаннях Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы выступіў з заявай з нагоды будучых «выбараў» у Беларусі.
«У сувязі з маючымі адбыцца «парламенцкімі выбарамі» 23 верасня 2012 года ў Беларусі Камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі заклікае беларускія ўлады адкрыць палітычную прастору і выконваць свае абавязальніцтвы перад АБСЕ ў дачыненні да стандартаў свабодных і справядлівых выбараў, выбарчай рэформы, свабоды СМІ і захавання правоў чалавека .
Камітэт шкадуе, што Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ў апошні час вырашыла, што не будзе ніякіх зменаў у выбарчым заканадаўстве да «парламенцкіх выбараў», у адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Камітэт таксама выказвае сур'ёзную занепакоенасць з нагоды арыштаў абаронцаў правоў чалавека, палітычных апанентаў і журналістаў, якія працягваюцца ў Беларусі, і шкадуе, што некаторыя з іх застаюцца ў турме, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі з боку Парламенцкай Асамблеі і міжнароднай супольнасці ў цэлым з патрабаваннем вызваліць іх і аднавіць іхнія правы», - цытуе заяву Камітэта ПАРЕ прэс-служба Рады Еўропы.
Камітэт ПАРЕ заклікаў беларускае кіраўніцтва спрыяць дэмакратычным і справядлівым парламенцкім выбарах, свабодзе выказвання меркаванняў, асацыяцый і сходаў, а таксама выкананню палітычных правоў для ўсіх апазіцыйных рухаў, перадае «Радыё Свабода».
Камітэт ПАРЕ таксама настойліва заклікаў улады Беларусі дазволіць міжнародным назіральнікам прыбыць у краіну для маніторынгу «выбараў», а таксама ўпусціць міжнародных абаронцаў правоў чалавека для кантролю за выкананнем асноўных свабод у перыяд выбарчай кампаніі.