За суткі незаконнага арышту - 240 тысяч рублёў
11- 27.06.2012, 12:22
Затрыманая ў мінулым годзе на маўклівай акцыі пратэсту Юлія Гарачанкова праз суд атрымала кампенсацыю.
Яе незаконна асудзілі на пяць сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама на Акрэсціна, піша ПЦ «Вясна».
Праўда, дзяўчына звярталася ў суд з просьбай спагнаць 10 млн. рублёў. Менавіта ў такую суму яна ацаніла свой незаконны адміністрацыйны арышт, падчас якога ёй былі прычыненыя фізічныя і маральныя пакуты. «Шчыра казаць, было цяжка на Акрэсціна. Як маральна, так і фізічна, - кажа Юлія Гарачанкова. - Самыя звычайныя побытавыя рэчы, да якіх прызвычаіўся, там становяцца недаступнымі. Напрыклад, некалькі першых сутак у нас не было нават сурвэтак. А яшчэ у камерах нізкая якасць вады, яе нават піць немагчыма, жахлівая антысанітарыя, брудныя матрацы. Дарэчы, добра, што яны былі хаця б такія. Многія распавядаюць, што і матрацаў не бачылі. Людзей у камеры таксама было болей чым трэба – на 5 ложкаў восем чалавек. Нехта спаў на лаве ўвогуле без нічога. А яшчэ духата, нягледзячы на разбітыя шыбы».
Аднак суд Першамайскага раёна прызначыў маральную кампенсацыю, але значна меньшую - 1,2 млн. рублёў і яшчэ 1 млн. рублёў за судовыя выдаткі. Выходзіць, што суткі незаконнага арышту на Акрэсціна суд ацэньвае ў 240 тысяч рублёў. Юлія Гарачанкова звярнулася з касацыйнай скаргай на такое рашэнне ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда. Аднак суддзі калегіі пастанавілі рашэнне суда Першамайскага раёна пакінуць без зменаў, а касацыйную скаргу пазоўніцы – без задавальнення.
«Пры вызначэнні памера кампенсацыі маральнай шкоды судом абгрунтавана прынятыя ва ўвагу канкрэтныя абставіны справы, улічаныя ступень маральных і фізічных пакутаў пазоўніцы, узрост і яе індывідуальныя асаблівасці, а таксама прынцып разумнасці і справядлівасці», - сцвярджаецца ў вызначэнні Менскага гарадскога суда.