Шакуцін хоча набыць акцый «Амкадора» на 500 тысяч даляраў
19- 28.06.2012, 12:06
Старшыня савета дырэктараў ААТ «Амкадор» хоча выкупіць 40 тысяч акцый ААТ «Амкадор» па 100 тысяч рублёў за штуку.
Прапанова аб набыцці акцый прадпрыемства з'явілася на сайце Беларускай валютна-фондавай біржы.
Згодна з заяўкай, патэнцыйны пакупнік Шакуцін Аляксандр Васільевіч, г. Менск, вул. К. Чорнага, д. 31, кв. 63 (тэл. 280-29-99) праз брокера ЗАТ «БРОСТОК» мае намер набыць 40 тысяч акцый ААТ «Амкадор» па мінімальным кошце 100 000 рублёў. Тэрмін аплаты акцый: не пазней за дзень, якi iдзе за днём заключэння ўгоды на ААТ «БВФБ». Форма і парадак аплаты акцый: безнаяўнае пералічэнне грашовых сродкаў у адпаведнасці з правіламі заключэння ўгод на ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Дата пачатку тэрміну набыцця акцый: 5 ліпеня 2012 года. Дата заканчэння тэрміну набыцця акцый: 1 кастрычніка 2012 года.
Аляксандр Шакуцін - уладальнік другога па велічыні пакета акцый ААТ «Амкадор». Бізнесмэн уваходзіць у бліжэйшае кола беларускага кіраўніка, з'яўляецца сябрам «савету рэспублікі», яго называюць адным з «кашалькоў» сям'і Лукашэнкі. Кантрольны пакет (каля 60%) акцый холдынгу належыць ганароваму консулу Непала ў Беларусі Упендра Махата.
Прадпрыемства «Амкадор» заснаванае ў 1927 годзе, пераўтворанае ў ААТ у 1991 годзе. 70% акцый прадпрыемства належыць юрыдычным асобам, 15% - дзяржаве, 14,9% - фізічным асобам.
Як паведамлялася раней, ААТ «Амкадор» плануе правесці IPO у 2014 годзе. Пра гэта ў маі 2012 заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства Валер Кандратчык на прэс-канферэнцыі, паведамляла агенцтва ІТАР-ТАСС. Паводле яго, сёння прадпрыемства гатовае размясціць на IPO 15% акцый, у выніку чаго плануецца прыцягнуць 70-80 мільёнаў даляраў.