Мясніковіч «не дэмпінгуе»
17- 30.06.2012, 11:08
Прэм'ер-міністр Беларусі вырашыў паспрачацца з расейскімі малочнікамі.
Інфармацыя аб дэмпінгу беларускіх вытворцаў на расейскім малочным рынку не адпавядае рэчаіснасці, заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 29 чэрвеня ў ходзе паездкі ў Брэсцкую вобласць, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўрада.
«Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці. Усё, што тычыцца нетарыфнага рэгулявання, гэта значыць аб'ёмных і асартыментных пералікаў, мы выконваем згодна з дамоўленасцямі, - сказаў Мясніковіч. - Што тычыцца коштаў, то мы прадаем не танней, чым прадаюць расейцы, і нават некалькі вышэй. Гэта ўсё вызначаецца якасцю і аб'ёмамі. Тут камерцыйная праца ажыццяўляецца вельмі карэктна».
Прэм'ер-міністр паведаміў, што Беларусь у 2012 годзе плануе павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею на 200 тыс. тон - да 3,8 млн. тон. Распрацаваныя паквартальныя графікі паставак, у тым ліку па наменклатуры малочнай прадукцыі. Беларусь строга прытрымліваецца ўзгодненых аб'ёмаў паставак і гэтых графікаў, запэўніў Мясніковіч.
Каментуючы рост аб'ёмаў малочнай прадукцыі на складах, ён адзначыў, што не бачыць у гэтым вялікай трагедыі: «Сапраўды маюць месца досыць вялікія аб'ёмы масла, сухога абястлушчанага і сухога натуральнага малака, малочных кансерваў, у тым ліку пераходзячых астаткаў. Гэта ў пэўнай ступені абумоўлена аб'ектыўнымі прычынамі, бо гэта «вялікае» малако і экспарт у пэўнай ступені ўскладнены, у тым ліку з-за высокай канкурэнцыі». Беларусь магла б прадаць гэтыя малочныя прадукты вельмі хутка, аднак неабходна рабіць гэта выгадна. «Гэта пытанне кошту, каб прадаць з высокай прыбытковасцю», - сказаў кіраўнік урада.
Расейскія вытворцы малака неаднаразова звярталіся ва ўрад сваёй краіны з заклікам адрэагаваць на дэмпінг беларускіх калегаў.
Мясніковіч паведаміў, што ў 2012 годзе ў краіне будзе пабудавана не менш як 105 малочна-таварных фермаў. «Пастаўленая задача рэзка нарасціць аб'ёмы вытворчасці малака і пагалоўя у дзеючых фермах. Для гэтага зробленыя ўсе разлікі, - заявіў ён. - Фактычна за 2011-2012 гады мы ўвядзем у эксплуатацыю новыя і мадэрнізуем столькі малочна-таварных ферм, колькі зрабілі за ўсю мінулую пяцігодку. Такім чынам, мы выходзім на «вялікае» малако, каб мець аб'ёмы ў 10-10,5 млн. тон».