Улады заяўляюць аб «дыверсіях» у менскім метро
23- 5.06.2012, 9:53
На працягу тыдня невядомыя двойчы пашкодзілі электраабсталяванне Менскага метрапалітэна.
Вінаватых пакуль не знайшлі.
«Радыё Свабода» са спасылкай на работніка метрапалітэна паведамляе пра «дыверсіі» у менскім метро - хтосьці ўначы, калі ў руху цягнікоў быў перапынак, перарэзаў сілавы кабель.
Учора ранкам са станцыі «Магілёўская» да станцыі «Аўтазаводская» цягнікі ішлі з малой хуткасцю. Справа ў тым, што нехта дабраўся да метрапалітэнаўскага абсталявання і вырваў дрот.
За некалькі дзён да гэтага надзвычайнага здарэння тое ж самае адбылося на станцыі «Фрунзенская».
Супрацоўнік адміністрацыі Менскага метрапалітэна на ўмовах ананімнасці пацвердзіў, што некалькі дзён таму ў метро насамрэч выявілі парэзаны кабель. За гэты выпадак пакаралі дыспетчарку, якая своечасова не адрэагавала на сігнал аб аварыйнай сітуацыі. Яе пазбавілі прэміі і накіравалі на пераздачу іспыту. Ці было гэта зроблена наўмысна, дакладна не вядома. Магчыма, нехта зрабіў гэта па памылцы.
Відэакамера толькі зафіксавала, як рабочыя ўваходзілі ў тунэль, а што адбывалася ў тунэлі, засталося нязнятым. Разарваныя кабелі аператыўна аднавілі. Пасля рамонту ў такіх выпадках рух цягнікоў на гэтых участках запавольваецца да 20 кіламетраў у гадзіну.