Беларусы выступяць на EURO-2012
4- 8.06.2012, 10:43
Беларускі гурт Zatoczka будзе выступаць на музычнай сцэне EURO-2012 на Плошчы Народных сходаў у Гданьску.
Падчас правядзення футбольнага чэмпіянату тут будуць граць польскія і сусветныя зоркі, сярод якіх Ноэль Галахер, ATB і Pitbull, піша Tuzin.FM.
Магілёўскі ска-панк гурт Zatoczka толькі нядаўна заявіў у інтэрв'ю Tuzin.FM аб вяртанні на сцэну. Лідар каманды Макс Астравухаў шмат надзей звязваў менавіта з канцэртамі ў суседніх краінах, перш за ўсё ў Польшчы. Як сталася, першы сур'ёзны выступ каманды адбудзецца на EURO-2012.
Музыкі з'яўляюцца заўзятымі футбольнымі фанатамі і будуць назіраць непасрэдна на стадыёне ў Гданьску за цырымоніяй адкрыцця чэмпіянату 8 чэрвеня, а на наступны дзень выступяць на музычнай сцэне EURO-2012 на Плошчы Народных сходаў у Гданьску, т.зв. зоне заўзятараў. Тут будуць дэманстравацца ўжывую на вялікіх экранах матчы чэмпіянату, а па іх заканчэнні публіку будуць забаўляць выканаўцы з розных краін свету. Выступ гурта Zatoczka пачнецца 9 чэрвеня ў 23.00, пасля трансляцыі матчу Германія-Партугалія. Тут можна ўбачыць усе раскладу выступаў гуртоў.
Акрамя таго, гурт збіраецца даць некалькі клубных канцэртаў у Польшчы, а таксама выступіць яшчэ на адным буйным музычна-спартовым фестывалі, прысвечаным 100-годдзю футбольнай каманды «Палонія» (Варшава). Канкрэтную дату гэтага выступу гурт абяцае паведаміць на старонцы групы ў Facebook.