Міжнародны крымінальны суд вынес першы ў сваёй гісторыі прысуд
7- 10.07.2012, 13:11
Былы лідэр конгалезскіх паўстанцаў Томас Лубанг Дзіла атрымаў 14 гадоў турмы.
Раней у сакавіку МКС прызнаў Томаса Лубанг Дзіла вінным у вярбоўцы дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў у падкантрольныя яму ўзброеныя фарміраванні і прыцягненні гэтых дзяцей да баявых дзеянняў падчас міжэтнічнага канфлікту ў правінцыі Ітуры ў верасні 2002 - жніўні 2003 года, піша «Корреспондент».
Як адзначыў суддзя Адрыян Фулфорд, зачытваючы прысуд, Лубангу залічылі тэрмін знаходжання ў папярэднім зняволенні, дзе ён знаходзіўся з 2006 года.
Па дадзеных абвінавачвання, падчас здзяйснення інкрымінуемых яму злачынстваў у правінцыі Ітуры Лубанг з'яўляўся лідэрам так званага Саюза конгалезскіх патрыётаў (СКП) і камандуючым яго ваеннага крыла - патрыятычных сіл вызвалення Конга (ПСВК). Менавіта гэтая ваенная арганізацыя займалася ўцягваннем непаўналетніх у баі з яе супернікамі і ў аперацыях супраць мірнага насельніцтва.
У ходзе працэсу Лубанг не прызнаў сваю віну ні па адным з пунктаў абвінавачвання. Адвакаты Лубанга абвінавачваюць следства ў тым, што доказы па справе былі сфабрыкаваны, а сведкі, якія выступаюць на баку абвінавачвання, падкуплены.
За больш чым 200 дзён слуханняў у судзе выступілі 36 сведак, у тым ліку 24 на баку абароны і толькі трое на баку абвінавачвання. Прадстаўнікі абвінавачвання адмаўляюцца выдаваць імёны сведак, асцерагаючыся за іх бяспеку.
Міжнародны крымінальны суд быў заснаваны ў 2002 годзе, гэта першы пастаянны прававы інстытут, у кампетэнцыю якога ўваходзіць пераслед асоб, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.
У адрозненні ад іншых міжнародных і змешаных крымінальных судоў, МКС з'яўляецца пастаянным прадстаўнiцтвам.