У Жодзіне 4 вуліцы абясточаны з-за пажару на электрападстанцыі БелАЗа (Відэа пажара)
23- 10.07.2012, 14:14
Узгаранне адбылося з-за анамальнай спякоты.
На БелАЗе факт дадзенага НЗ пацвердзілі: паводле словаў прадстаўніка адміністрацыі, на заводзе сапраўды загарэлася трансфарматарная падстанцыя. Аднак, паведамілі ў заводаўпраўленьні, без электразабеспячэння засталася толькі частка тэрыторыі прадпрыемства - горада аварыя не кранула. Не спынялася і вытворчасць.
У той жа час памочнік кіраўніка беларускага МНС Віталь Навіцкі паведаміў TUT.BY, што ў выніку надзвычайнага здарэння былі абясточаны 4 бліжэйшыя вуліцы. Паведамленне аб загаранні ў трансфарматарнай падстанцыі на 110 кілавольт на тэрыторыі ААТ «БелАЗ» паступіла ў МНС у 10 гадзін 22 хвіліны. А ўжо ў 10.42 выратавальнікі, якія прыбылі на месца, ліквідавалі загаранне з дапамогай шасці вогнетушыцеляў.
- Па прыбыцці да месца выкліку ўстаноўлена, - распавёў Віталь Навіцкі, - што адбываецца моцнае задымленне ў памяшканні трансфарматарнай падстанцыі. Гэта асобна стаяшчы аднапавярховы будынак памерам 10х50 метраў, вышынёй 6 метраў і плошчай 500 квадратных метраў. Адключэнне электраэнергіі адбываецца ў аўтаматычным рэжыме. У выніку пажару выгарэла знутры адно ЗРУ. Будынак трансфарматарнай падстанцыі, іншае абсталяванне не пашкоджаны. Пацярпелых няма, эвакуацыя рабочага персаналу не праводзілася. Са слоў галоўнага інжынера ААТ «БелАЗ» Уладзіміра Валчка, адключэнне электраэнергіі на тэхналагічны працэс не паўплывала.
Электрычнасць на прылеглых да БелАЗу вуліцах Жодзіна з'явіцца ў бліжэйшыя гадзіны - калі энергетыкі ліквідуюць наступствы аварыі.
***
Сёння на БелАЗе здарыўся яшчэ адзін пажар, які рабочыя змаглі самастойна патушыць. Як паведаміў чытач charter97.org, «прыкладна ў 9:30 адбылося ўзгаранне мыйнай машыны ў цэху гідратрансмісій ААТ БелАЗ пры яе дэмантажы (рэзалі разаком), агонь далей не распаўсюдзіўся, патушылі адразу сваімі сіламі без пажарных».
Відэа пажару даслаў чытач charter97.org: