«Курыная вайна» з Расеяй моцна ўдарыць па бройлерным фабрыкам
13- 12.07.2012, 10:05
Адзіная эканамічная прастора пакуль не стала зонай па-сапраўднаму свабоднага гандлю.
Следам за беларускімі малочнікамі ў гэтым пераканаліся і беларускія птушкагадоўцы. У разліку на свабодны збыт мяса бройлераў на суседнім рынку яны нарасцілі аб'ёмы ў 2012 годзе і сутыкнуліся з незадаволенасцю расійскіх калегаў - праз Расптушкасаюз тыя запатрабавалі абмежаваць імпарт кураціны з Беларусі, піша «Заўтра тваёй краіны».
У лісце, накіраваным у Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі, расейскія вытворцы абгрунтоўваюць сваё патрабаванне тым, што яны самі істотна павялічылі вытворчасць кураціны, а тыя тэмпы, якія з мінулага года ўзялі па пастаўках мяса птушкі ў Расею беларускія кампаніі, могуць стварыць перавышэнне прапановы над попытам. Пры гэтым беларуская кураціна таннейшая за расейскую і зразумела, якому прадукту будзе аддаваць перавагу расейскі пакупнік.
Каля чвэрці бройлераў ў Беларусі вырабляецца для продажу ў Расеі
За першыя пяць месяцаў бягучага года расейскія вытворцы павялічылі аб'ёмы на 17,7%. Але і беларусы не стаялі на месцы. Напрыклад, за студзень-сакавік 2012 яны вырабілі 103 тыс. тон мяса або на 19% больш, чым у аналагічным перыядзе 2011 года. Па статыстыцы Мінсельгасхарча Беларусі, 24 з 28 бройлерных фабрык нарасцілі вытворчасць у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Акрамя таго, дадаўся новы вытворца - «Александрыйскае», які адразу ўвайшоў у топ-15 найбуйнейшых бройлерных гаспадарак Беларусі.
Найбуйнейшыя вытворцы бройлераў ў Беларусі (дадзеныя Мінсельгасхарча за студзень-сакавік 2012)

Магчымыя абмежаванні на пастаўку ў Расею могуць сур'ёзным чынам паўплываць на вытворчыя і фінансавыя паказчыкі беларускіх бройлерных фабрык, лічаць эксперты «Заўтра тваёй краіны». Зараз каля чвэрці бройлераў, што вырабляюцца ў Беларусі, адпраўляецца на продаж у Расею. У мінулым годзе, напрыклад, з Беларусі ў Расею было пастаўлена 74,1 тыс. тон мяса птушкі, за студзень-красавік бягучага года - ужо 35 тыс. тон.
Да якіх беларускіх бройлераў прэтэнзій быць не можа
Прыватныя кампаніі, зрэшты, спрабуюць пераадольваць бар'еры ў АЭП, карыстаючыся перавагамі адзінай эканамічнай прасторы - яны інвестуюць у будаўніцтва птушкафабрык на тэрыторыі самой Расеі. Так, напрыклад, паступіла магілёўская кампанія «Сервалюкс», пачаўшы з 2011 года рэалізоўваць буйны інвестпраект ў Смаленскай вобласці.
На тэрыторыі Кардымаўскага раёна «Сервалюкс» будуе з нуля буйную бройлерную фабрыку. У яе будзе ўкладзена 2500000000 расійскіх рублёў. У 2013 годзе прадпрыемства плануе выйсці на поўную праектную магутнасць - 50 тыс. тон мяса птушкі. Гэта крыху менш, чым у мінулым годзе экспартавалі ў Расею ўсе беларускія фабрыкі. І галоўнае, да гэтага мяса ніякіх прэтэнзій у Расптушкасаюза ўжо не можа быць.