Шмат шуму з нічога
12- 12.07.2012, 15:26
З намечаным на жнівень павышэннем заробкаў бюджэтнікам можа здарыцца канфуз.
Павышэнне, вядома, будзе, калі «Лукашэнка загадаў», але вось наколькі яно будзе адчувальным, яшчэ вялікае пытанне, бо памер павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду будзе наўпрост залежаць ад наяўных у бюджэце на гэтыя мэты сродкаў.
Прынамсі, пра гэта сёння заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, піша «Беларускі партызан».
Паводле яе слоў, праект рашэння аб павышэнні з жніўня тарыфнай стаўкі першага разраду ўжо рыхтуецца, аднак, як сказала чыноўніца, «павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду павінна быць зроблена ў такім памеры, каб неабходныя на гэтыя мэты фінансавыя сродкі былі ў бюджэце».
Нагадаем, Лукашэнка даручыў ураду з 1 жніўня павысіць тарыфную стаўку першага разраду. Адпаведны праект пастановы Савета міністраў знаходзіцца зараз у стадыі ўзгаднення, паведамляе БелТА.
З 1 траўня тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, устаноўлена ў памеры 210 тыс. рублёў.