СТВ: Расейцы фурамі скупляюць беларускія агуркі
61- 12.07.2012, 16:17
За агуркамі з вядомай вёскі Альшаны пад Столінам едуць перакупшчыкі з Расеі.
Агурок у Альшанах - галоўная зялёная валюта. За Альшанскай гароднінай амаль у ста адсотках выпадкаў едуць расейцы. Каля рынку нават прадбачліва абменнік паставілі. Агуркі з мясцовых участкаў грузяць фурамі. На сельскіх дарогах фактычна заторы з іншамарак, а сама вёска - нібы ВІП-пасёлак дзесьці ў сталічным рэгіёне, паведамляе тэлеканал СТВ.
«Адны расейцы купляюць - акрамя расейцаў ніхто! Усе фуры ідуць на Расею - беларусы рэдка бяруць», - кажа Васіль Ярмоліч, жыхар вёскі Альшаны.
Геаграфія Васіля Ярмоліча не вельмі хвалюе - галоўнае, каб перакупшчыкі плацілі годна. А вось з гэтым бяда. Грошы аддаюць адразу, але ці можна 2.000 за кілаграм свежых агуркоў у прынцыпу назваць грашыма? Дзве тысячы за кіло - смешны, але бязвыхадны кошт. А калі заўтра пакупнікі з Расеі дамовяцца плаціць яшчэ менш - альшанцам і на гэта давядзецца пагадзіцца - дзявацца няма куды. Побач нарыхтоўчага пункта няма, толькі рынак. Дзяржкрамы гатовыя прыняць па 3000 за кілаграм - больш выгадна, чым на рынку. Але выгада такая толькі на паперы. Альшанскіх агуркоў на Альшанскіх прылаўках - няма.
«Не закупляем агуркі ўжо даўно - сэнсу няма», - кажа прадавец крамы.
Пра тое, што такая цяжкая праца павінна аплочвацца годна, яшчэ ў красавіку, наведваючы Альшаны, выказаўся і Аляксандр Лукашэнка. Ён паабяцаў мясцовым жыхарам, што хутка можна будзе забыць пра продаж гародніны за бесцань.
«Чаму мы не можам у іх узяць прадукцыю па нармальнай цане, не крыўдзячы людзей, і паставіць на агульны рынак. Каб да восені тут быў лагістычны цэнтр, перапрацоўчыя мерапрыемствы. Каб праблема раз і назаўсёды была вырашана. Тут велізарная тэрыторыя. Яны змогуць засыпаць прадукцыяй краіну», - сказаў Лукашэнка.
«У нас працы шмат, трое дзетак - толькі ў нядзелю адпачываем, а так - у 5 раніцы пад’ём і праца! Хочам памяняць вокны ў доме, зрабіць прыбудову - кухню і другі паверх. Калі б цана была 5 тысяч - мы б больш сабралі, усю зямлю б накрылі шклярніцамі! А за 2 тысячы ... хіба гэта цана?», - пытаецца Сяргей, жыхар Альшан.