Мубарака вяртаюць у турму
7- 16.07.2012, 16:16
Генеральны пракурор Егіпта Абдэль Магід Махмуд прыняў рашэнне аб вяртанні экс-прэзідэнта Егіпта Хосні Мубарака з ваеннага шпіталя назад у турму Тора.
Пра гэта паведаміла ў панядзелак афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва МЕНА.
Такое рашэнне прынята на падставе дакладу спецыяльнай медыцынскай камісіі, якая вывучыла на днях стан здароўя былога кіраўніка дзяржавы і зрабіла заключэнне аб яго нармалізацыі і стабільнасці.
МУС краіны цяпер павінен паклапаціцца аб выкананні пракурорскага рашэння.
2 чэрвеня Мубарак быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за дачыненне да гібелі дэманстрантаў у дні народнага паўстання ў пачатку 2011 года.
Адразу пасля суду Мубарака перавезлі ў турэмны шпіталь, дзе стан яго здароўя рэзка пагоршыўся. 19 чэрвеня Мубарак перажыў сардэчны прыступ, з'явілася інфармацыя аб клінічнай смерці былога прэзідэнта. Ён быў экстрана дастаўлены з турмы ў ведамасны ваенны шпіталь, дзе знаходзіцца да гэтага моманту. Афіцыйнай інфармацыі аб стане здароўя Мубарака паступае вельмі мала. Тым не менш, лекары да гэтага часу не давалі дазволу на вяртанне экс-кіраўніка дзяржавы ў турму.
У цяперашні час у судзе Каіра слухаецца справа аб магчымым датэрміновым вызваленні Мубарака з турмы па стане здароўя.