Дзяўчынка з чарнобыльскай зоны загінула ў Італіі
14- 17.07.2012, 9:26
Выезд на аздараўленне скончыўся трагедыяй.
11-гадовая Ангеліна Судаленка звалілася з ровара і разбіла галаву аб камяні. Верталёт «Хуткай дапамогі» даставіў яе ў шпіталь, але выратаваць дзіцяці не ўдалося.
Страшная трагедыя адбылася каля 17 гадзін у мінулую сераду.
Дзяўчынка прыехала ў Італію з групай дзяцей Чарнобыля на аздараўленне, піша "Наша Нiва".
Яна патрапіла ў сям'ю ў правінцыю Асці, што ў П'емонце, на паўночным захадзе Італіі. Жыла яна ў даліне Удонэ, побач з мяжой з Францыяй. Рэльеф там гарысты.
Дзеці паехалі на веласіпедную экскурсію. І дзяўчынка выпадкова з'ехала з дарогі.
На бяду, там знаходзіўся камяністы схіл глыбінёй 4,5 м. Пры падзенні Ангеліна некалькі разоў перавярнулася, удараючыся галавой аб камяні.
Экскурсавод кінулася ёй на дапамогу, выклікала карабінераў-ратавальнікаў. Усё апынулася марным. Дзіця памёрла да прыбыцця выратавальнікаў і лекараў.
Вядзецца следства. Апыталі і экскурсавода, і дзяцей - сяброў Ангеліны.
Як піша мясцовая прэса, увагу следчых прыцягнуў той факт, што на краі дарогі, у тым месцы, дзе адбыўся няшчасны выпадак, раней была агароджа - парэнчы, метра чатыры ў даўжыню, але ад старасці яны разваліліся.
Калі б парэнчы там заставаліся, яны, верагодна, выратавалі б дзяўчынцы жыццё.