Чацвёрты транш крэдыту ЕўрАзЭС можа прыйсці да канца года
12- 18.07.2012, 15:19
Намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак лічыць, што ў Беларусі ёсць усе шанцы атрымаць чацвёрты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС да канца бягучага года.
«Беларусь зусім нядаўна атрымала трэці транш стабкрэдыту. Прыйдзе час - будзем весці перамовы. Я думаю, што цалкам рэальна атрымаць (чацвёрты транш - ІФ) у гэтым годзе», - заявіў Сяргей Сторчак у сераду журналістам у Менску, піша «Інтэрфакс».
Намеснік кіраўніка расейскага Мінфіна прызнаў, што праграма прыватызацыі дзяржуласнасці ў Беларусі «ідзе з цяжкасцю». У той жа час ён падкрэсліў, што АКФ ЕўрАзЭС «негатыўных сігналаў аб выкананні рэспублікай сваіх абавязацельстваў не дае».
«Сёння ЗВР Беларусі пакрываюць трохмесячны імпарт, і нас гэта цалкам задавальняе. Акрамя таго, нашы работнікі тут кажуць пра тое, што адбылася стабілізацыя нацыянальнай валюты і гэта было зроблена без валютных інтэрвенцый», - заўважыў С.Сторчак.
Ён дадаў, што Беларусь улічвае расейскі вопыт 2008 года па стабілізацыі сітуацыі на валютна-фінансавым рынку. «Цяперашняя сітуацыя ў нас (у Расеі - ІФ) - Цэнтрабанк адмовіўся ад рэгулявання курсу расейскага рубля, рубель цяпер у нас у вольным плаванні», - заўважыў С.Сторчак. Пры гэтым ён дадаў, што рынкам быў знойдзены аптымальны баланс курсу расейскага рубля.