Папярэджанне ўручылі сярод ночы
4- 19.07.2012, 11:32
Мінулым познім вечарам у інтэрнат, дзе жыве актывіст Аляксандр Кірылаў, прыйшла прадстаўніца аддзела ідэалогіі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі.
Было гэта пасля 22-х гадзін, і хлопец спачатку не хацеў пускаць чыноўніцу ў сваё жыллё. Але яна настойвала і папракала Кірылава тым, што ён паскардзіўся на яе ў пракуратуру, піша ПЦ «Вясна».
Аляксандр Кірылаў, член незарэгістраванай Беларускай Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі «Белая Русь», атрымаў нарэшце пісьмовае папярэджанне ад уладаў:
«Жанчына літаральна ўварвалася да мяне ў пакой, кінула паперу. І пачала абурацца, чаму я паскардзіўся на яе ў абласную пракуратуру. А што мне заставалася рабіць, калі днём мне тэлефануе нейкая невядомая асоба, называе сябе прадстаўніцай райвыканкама, і заяўляе, што мяне арыштуе міліцыя, ледзь толькі я з'яўлюся ў цэнтры Віцебска з намерам правесці пікет».
Кірылаў збіраўся правесці ў цэнтры Віцебска адзіночны пікет супраць беспрацоўя, бо лічыць, што яго незаконна знялі з уліку ў абласным цэнтры занятасці. На гэту ўстанову ён падаў скаргу ў суд.
«Гэта наша тактыка: падаваць у суд, калі ёсць праблемы, якія мы лічым абумоўленымі цяперашняй дзяржаўнай палітыкай», - дадаў кіраўнік Беларускай Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі «Белая Русь», былы ўдзельнік мінулай прэзідэнцкай кампаніі Сяргей Рыжоў.