Чацвёртыя суткі ў сухотным шпіталі галадае пацыент
12- 20.07.2012, 15:46
Адміністрацыя шпіталя спрабуе пераканаць пацыента адмовіцца ад галадоўкі.
Пацыент Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталя, таксама інвалід другой групы Валерый Ганчарэнка, паведаміў БелаПАН, што ў лячэбнай установе чацвёртыя суткі галадае пацыент - інвалід другой групы Мікалай Такаровіч.
Паводле яго слоў, Такаровіч губляе каля кілаграма вагі кожны дзень, ён стаў павольней хадзіць.
Ганчарэнка паведаміў, што адміністрацыя шпіталя спрабуе пераканаць пацыента адмовіцца ад галадоўкі. «Галоўны доктар Наталля Лясная сказала, што калі Такаровіч да панядзелка не спыніць галадоўку, то да яго будуць прымяняць меры і стануць карміць прымусова», - сказаў ён.
Умовы знаходжання ў шпіталі падобныя на турэмныя, лічыць Ганчарэнка. «Мы знаходзімся ў такіх жа ўмовах, як і зэкі, з рашоткамі на вокнах, з аховай. Мы пазбаўлены права самастойна выйсці за межы бальніцы, самых простых рэчаў, элементарных праў чалавека. У такіх умовах рэальней не вылечыць, а пагоршыць хваробу», - сказаў ён.
Ганчарэнка паведаміў, што 16 ліпеня яму прыйшоў адказ з Палаты прадстаўнікоў за подпісам намесніка старшыні камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Святланы Шылавай. У лісце ў цэлым падтрымліваецца ініцыятыва аб неабходнасці распрацоўкі закона аб гарантыях правоў інвалідаў і хворых на сухоты.
Ганчарэнка і Такаровіч знаходзяцца ў 7-м аддзяленні для прымусовага лячэння хворых.