Беларусь - у адным шэрагу з Суданам і Нігерыяй
- 23.07.2012, 12:22
Беларусь заняла адно з апошніх месцаў у сусветным рэйтынгу празрыстасці рынка нерухомасці.
Чыноўнікі рознага ўзроўню не перастаюць запэўніваць, што для інвестараў у Беларусі створаны самыя камфортныя ўмовы вядзення бізнесу. У міжнародных экспертаў іншае меркаванне. Кампанія Jones Lang LaSalle, якая працуе ў сферы кіравання інвестыцыямі, прадставіла новы рэйтынг празрыстасці рынкаў нерухомасці, піша onliner.by.
Беларусь заняла ў ім 94 радок і трапіла ў спіс краін з найбольш непразрыстым рынкам, апынуўшыся ў кампаніі такіх дзяржаў, як Судан, Нігерыя, Ангола, Пакістан, Ірак, Гана, Венесуэла і Манголія. Усяго даследчыкі ахапілі 97 краін на ўсіх кантынентах.

Рэйтынг, упершыню апублікаваны ў 1999 годзе, складаецца на аснове сукупнасці колькасных рынкавых дадзеных і інфармацыі, сабранай шляхам апытання міжнароднай бізнес-супольнасці. На кожным рынку праводзіўся агульны аналіз 83 розных фактараў, якія былі згрупаваныя па 13 тэматычных пытаннях, якія ўлічваюць як фундаментальныя паказчыкі рынкаў і нарматыўна-прававую базу, так і асаблівасці заключэння здзелак.
Для інвестараў індэкс служыць інструментам кіравання рызыкамі, дазваляе больш эфектыўна ацэньваць умовы эксплуатацыі нерухомасці ў розных краінах свету, адзначаецца на сайце Jones Lang LaSalle.
Самым празрыстым рынкам нерухомасці ў 2012 годзе сталі ЗША, за імі з невялікім адрывам ідуць Вялікабрытанія і Аўстралія, адзначаецца ў дакладзе. У катэгорыю з высокай празрыстасцю ўваходзяць таксама Нідэрланды, Новая Зеландыя, Канада, Францыя, Фінляндыя, Швецыя і Швейцарыя.
«Вынікі даследавання за 2012 сведчаць, што зараз аднавіўся працэс павышэння празрыстасці рынкаў нерухомасці пасля запаволення, якое назіралася падчас фінансавага крызісу 2008-2009 гадоў», - гаворыцца ў дакладзе.